Пантыфік паабедаў у Ватыкане з беднымі

19 лістапада Францішак паабедаў у Ватыкане з самымі патрабуючымі. Такім чынам ён адзначыў І Сусветны дзень бедных. За сталамі ў Зале Паўла VI сабраліся 1,5 тыс. асоб. Яшчэ 2,5 тыс. святочны абед чакаў у іншых месцах Рыма. Раней 4 тыс. бедных узялі ўдзел у святочнай Эўхарыстыі ў базыліцы св. Пятра.

Францішак прыбыў на абед адразу пасля малітвы “Анёл Панскі”. Ён запрасіў сабраных “з сэрцам, поўным добрай волі і ўзаемнага сяброўства” спажыць сумесна ежу, “жадаючы адно аднаму ўсяго найлепшага”.

На абед было тыпова італьянскае меню: аліўкі і сыр, адбіўныя з цяляціны з гароднінай, палента і брокалі, венецыянскі тырамісу, апельсіны і кава. Бедным служылі дыяканы Рымскай дыяцэзіі і валанцёры.

За дапамогай па правядзенні Дня бедных Папская рада па новай евангелізацыі, галоўны арганізатар рымскага святкавання, звярнулася да шматлікіх арганізацый. Адной з ініцыятыў было аказанне медыцынскай дапамогі бедным у мабільным шпіталі ля плошчы св. Пятра.

Ватыканскае радыё

для друку для друку