Пантыфік наведаў раёны, пацярпелыя ад землятрусу

papa-zemlatrus4 кастрычніка Францішак прыбыў у Аматрычэ – італьянскі горад у рэгіёне Лацыа, амаль поўнасцю разбураны ў выніку нядаўняга землятрусу. Яго суправаджаў біскуп Рыеці Даменіка Пампілі.

Візіт Святога Айца пачаўся са школы, дзе ён павітаў каля 100 дзяцей, а затым адправіўся ў зону, зачыненую па меркаваннях бяспекі. Папа патлумачыў, што ён не прыбыў сюды раней, каб не перашкаджаць працы спецыялістаў. Ён некаторы час заставаўся ў малітоўным маўчанні перад грудай абломкаў, а затым паразмаўляў пра сітуацыю з пажарнымі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Францішак не хаваў свайго болю, бачачы велізарныя маштабы разбурэнняў.

Візіт Пантыфіка насіў характар прыватнага – аб чым ён сказаў падчас прэс-канферэнцыі 2 кастрычніка на борце самалёта на шляху з Баку ў Рым – “Я здзейсню гэты візіт у прыватным парадку, асабіста, як святар, як біскуп, як і Папа. (…) Я хачу быць бліжэй да людзей”.

Вядома, што ў дзень моцнага землятрусу, які застаў людзей ноччу, 24 жніўня 2016 г., Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане замест традыцыйнай катэхезы правёў ружанцовую малітву ў інтэнцыі ахвяр.

“Я падрыхтаваў сённяшнюю катэхезу, на тэму блізкасці Езуса, як і кожную сераду гэтага Года Міласэрнасці. Але перад навінамі аб землятрусе, які адбыўся ў цэнтральнай Італіі, разбурыўшы цэлыя раёны і пакінуўшы загінуўшых і параненых, не магу не выразіць свой глыбокі смутак і блізкасць усім прысутным у месцах, якія пацярпелі, усім, хто згубіў сваіх блізкіх і хто яшчэ прабывае ў стане шоку, напужаны і спалоханы”, — сказаў тады Папа.

Другім этапам папскага візіту ў раёны, пацярпелыя ад разбуральнага землятрусу стаў горад Арквата-дэль-Тронта, дзе два месяцы таму загінуў 51 чалавек.

Перад ад’ездам туды ў Аматрычэ Францішак сказаў: “Я правільна думаў, што ў першыя дні гэтых вялікіх пакут мой візіт можа стаць больш цяжарам, чым дапамогай, прывітаннем, і я не хацеў турбаваць. Спатрэбіўся час для ўпарадкавання некаторых рэчаў, напрыклад, школы. Але з першага моманту я адчуваў, што я павінен прыехаць да вас, каб проста сказаць, што я блізкі да вас, і больш нічога. І што малюся за вас! Блізкасць і малітва, гэта мой дар для вас. Няхай Бог благаславіць усіх вас, няхай Маці Божая абароніць вас у гэты момант смутку, болю і выпрабаванняў”.

Пантыфік дадаў: “Трэба ісці далей, заўсёды ёсць будучыня. Так шмат блізкіх, якія пакінулі нас, загінулі пад абломкамі. Давайце маліцца за іх да Маці Божай. Давайце рабіць гэта разам. Заўсёды трэба глядзець у будучыню. Наперад, мужна, дапамагаючы адно аднаму. Лепш ісці разам, у адзіночку гэта не магчыма!”. Пасля бласлаўлення, Папа памаліўся з прысутнымі “Вітай, Марыя”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку