- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пантыфік наведае амерыканскія вайсковыя могілкі

[1]Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала аб пастырскай дзейнасці Святога Айца ў кастрычніку і лістападзе 2017 г.

У сераду, 11 кастрычніка вечарам Францішак сустрэнецца з удзельнікамі форуму, арганізаванага Папскай радай па новай евангелізацыі, а на наступны дзень, 12 кастрычніка раніцай ён наведае Папскі усходні інстытут і ўзначаліць літургію ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ, якая знаходзіцца побач з навучальнай установай.

2 лістапада, ва Успамін усіх памерлых вернікаў, Пантыфік накіруецца на амерыканскія вайсковыя могілкі у Нэттуна, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу за загінулых ва ўсіх войнах. Вяртаючыся адтуль, Францішак затрымаецца ў Ардэатынскіх пячорах за межамі Вечнага горада, каб там маліцца за ахвяраў разні 24 сакавіка 1944 г.

Амерыканскія вайсковыя могілкі ў Нэттуна знаходзіцца каля 38 км на поўдзень ад Рыма. Яны займаюць плошчу ў 35 гектараў. Там пахаваны 7862 амерыканскія салдаты, якія загінулі на Сіцыліі, пад Салерна, Анцыа, у ходзе баявых дзеянняў на поўначы Італіі, а таксама ў аперацыях на моры і ў паветры. На мармуровых сценах капліцы напісаны імёны 3094 зніклых без вестак.

Ардэатынскія пячоры на ўскраіне Вечнага горада з’яўляюцца месцам масавага расстрэлу 335 італьянцаў і яўрэяў, здзейсненага СС 24 сакавіка 1944 г. Нацысты зрабілі гэта ў адплату за напад на калону нямецкай паліцыі членамі італьянскага руху супраціву. Масавае забойства ў Ардэатынскіх пячорах стала сімвалам нямецкіх злачынстваў, учыненых у Італіі падчас Другой сусветнай вайны.

Ватыканскае Радыё [2]