Пантыфік нагадаў пра неабходнасць ядзернага раззбраення

На цесную сувязь паміж правамі чалавека і ядзерным раззбраеннем звярнуў увагу Францішак 10 снежня пасля малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане. Папа зрабіў спасылку на цырымонію прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру Міжнароднай кампаніі па забароне ядзернай зброі (ICAN) і святкаванне Дня ААН па правах чалавека. 

“Абавязацельства абараняць годнасць усіх людзей, асабліва найбольш уразлівых і пакрыўджаных, азначае і значныя намаганні па пабудове свету без ядзернай зброі”, — сказаў Пантыфік, і падкрэсліў: “Бог дае нам магчымасць працаваць разам, каб пабудаваць наш агульны дом: мы маем свабоду, інтэлект і здольнасць кіраваць тэхналогіямі, абмежавання нашай сілы ў імя служэння міру і праўдзівага прагрэсу”.

Нобелеўскую прэмію міру за 2017 год прысудзілі Міжнароднай кампаніі па забароне ядзернай зброі, паведаміў Нарвежскі нобелеўскі камітэт. Сёлета на ўзнагароду прэтэндавалі 318 кандыдатаў, у тым ліку 215 чалавек і 103 грамадскія і міжнародныя арганізацыі. Прэмія міру – адна з пяці, завешчаных у канцы ХІХ стагоддзя шведскім прамыслоўцам і вынаходнікам Альфрэдам Нобелем.

Папа і Святы Пасад актыўна выступаюць за поўнае ядзернае раззбраенне. У лістападзе ў Ватыкане прайшоў буйны міжнародны саміт, прысвечаны гэтай праблеме, сярод удзельнікаў якога былі прадстаўнікі краін “ядзернага клуба”, ААН і НАТА, дыпламаты і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі. Францішак заявіў тады, што “зброя масавага знішчэння, у прыватнасці ядзерная, не стварае нічога, акрамя фальшывага пачуцця бяспекі, і не можа складаць аснову мірнага суіснавання членаў чалавечай сям’і”. “Ядзерная зброя, — падкрэсліў ён — з’яўляецца не толькі амаральнай, але і павінна разглядацца як нелегальны ваенны інструмент”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку