Пантыфік моліцца за ахвяр урагану ў ЗША

Францішак выказаў сваю духоўную блізкасць жыхарам амерыканскіх штатаў Тэхас і Луізіяна, якія пацярпелі ад моцнага ўрагану.

У спачувальным пасланні, скіраваным за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя кардынала Дэніэла Дзі Нарда, старшыні Канферэнцыі Біскупаў ЗША, Святы Айцец адзначыў, што «быў глыбока засмучаны трагічнай гібеллю людзей і вялізарным матэрыяльным уронам» па прычыне стыхійнага бедства.

Пантыфік запэўніў у сваіх малітвах «за ахвяр і іх сям’і, а таксама за ўсіх удзельнікаў жыццёва важных ратавальных прац». Ён выказаў упэўненасць у тым, што «вялізарныя і неадкладныя патрэбы многіх людзей і супольнасцяў працягнуць абуджаць вялікую хвалю салідарнасці і ўзаемадапамогі ў лепшых традыцыях амерыканскага народу».

Ураган «Харві» абрынуўся на паўднёвую частку ЗША 25 жніўня моцнымі дажджамі, катастрафічнай паводкай і ветрам хуткасцю да 200 км/г. Колькасць ахвяр стыхіі вырасла да 37 чалавек. Акрамя таго, рэгіён панёс вялізарныя матэрыяльныя страты. У зоне бедства абвешчана надзвычайнае становішча. 

Ватыканскае радыё

для друку для друку