- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Пантыфік: малітва без мужнасці – не хрысціянская

[1]Асаблівасцю хрысціянскай малітвы з’яўляецца вера ў Езуса і мужнасць пераадолення цяжкасцяў, сказаў Папа 12 студзеня падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

Святы Айцец спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Марка (Мк 1,40 — 2,12), у якім гаворка ідзе пра аздараўленне двух асоб: пракажонага і спаралізаванага. Абое моляцца, каб атрымаць здароўе, робяць гэта з верай. Пракажоны, як адзначыў Францішак, смела кідае Езусу выклік, кажучы: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць” (Мк 1,40). Адказ Пана неадкладны: “Хачу, будзь ачышчаны!”. Такім чынам, як пацвярджае Евангелле, цуд у выпадку верніка магчымы.

“Кожны раз, калі набліжаемся да Пана, каб прасіць аб нечым, мы павінны пачаць ад веры і зрабіць гэта з верай: “Я веру, што можаш вылечыць мяне, веру, што можаш зрабіць гэта”, і мець мужнасць, каб кінуць Богу выклік, як пракажоны з учарашняга Евангелля або спаралізаваны – з сённяшняга. Гэта малітва ў веры”, — адзначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што Евангелле прыводзіць нас да разважання над нашым спосабам малітвы. Мы не павінны маліцца, як папугаі, або чакаючы нейкай выгады, заўважыў ён, і заклікаў прасіць Бога аб дапамозе ў памнажэнні “нашай маленькай веры” перад абліччам цяжкасцяў. Святы Айцец дадаў, што ў Евангеллі мы знаходзім шмат эпізодаў, дзе паказана, наколькі людзям, якія маюць патрэбу, цяжка наблізіцца да Хрыста, і гэта з’яўляецца прыкладам для ўсіх нас. Тыя, хто нёс спаралізаванага, разабралі страху дому, дзе быў Езус, каб, зрабіўшы дзіру, спусціць насілкі, таму што навокал быў натоўп людзей і яны не маглі дабрацца да Яго. Францішак падкрэсліў, што моцная воля вылячэння можа пераадолець цяжкасці; яна заўсёды знаходзіць рашэнне.

Набліжэнне да Бога патрабуе мужнасці, адзначыў Папа. Вельмі часта патрэбнае цярпенне і ўменне чакаць і не здавацца, гатоўнасць пастаянна рухацца наперад. Ён нагадаў прыклад св. Монікі, якая настойліва малілася за навяртанне свайго сына Аўгустына. Неабходная мужнасць, каб кінуць выклік Богу, не здавацца, нават калі адразу не атрымліваем тое, аб чым просім, паколькі, “калі малітва не натхнёная мужнасцю, яна не хрысціянская”, — лічыць Святы Айцец. Ён узгадаў Абрагама, які ва ўзросце сто гадоў атрымаў абяцанне, што стане бацькам многіх народаў, і паверыў.

“Вера знаходзіцца на шляху: вера робіць усё магчымае, каб атрымаць ласку, аб якой прашу. Пан сказаў нам: “Прасіце, і будзе дадзена вам” (Мц 7,7). Прымем таксама гэтае слова і будзем мець надзею, але заўсёды з верай і ўдзелам. Гэта мужнасць, якую мае хрысціянская малітва”, — сказаў, завяршаючы сваю гамілію Папа.

Ватыканскае радыё [2]