Пантыфік: крывадушнасць робіць шмат шкоды ў Касцёле

“Крывадушнасць не з’яўляецца мовай Езуса” і не павінна быць мовай хрысціяніна, “крывадушнік здольны забіць супольнасць”, гэтыя думкі агучыў Папа Францішак 6 чэрвеня 2017 года падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён падкрэсліў, што хрысціянскай мовай павінна быць праўда, і перасцярог ад спакус крывадушнасці і ліслівасці.

Святы Айцец нагадаў, што менавіта слова “крывадушнікі” Хрыстус шматразова выкарыстоўваў у адносінах да настаўнікаў закона, бо яны паказвалі адно, а думалі іншае. Крывадушнасць заўсёды звязана з ліслівасцю, з імкненнем падлізацца. Гэта перабольшванне таго, што ёсць у рэальнасці, каб выклікаць у іншым чалавеку самалюбства.

Езус паказвае нам рэальнасць, якая з’яўляецца супрацьлегласцю крывадушнасці. Паколькі праўдзівая толькі рэальнасць, ўсё астатняе або крывадушнасць, або ідэалогія, заўважыў Святы Айцец і нагадаў гісторыю, калі Езусу прынеслі дынар, каб яго выпрабаваць. “Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”, — адказаў тады Ён.

Мова крывадушнасці з’яўляецца мовай падману, яна пачынаецца з ліслівасці, затым нішчыць асобу, імкнецца завалодаць душой, забівае супольнасць. “Калі ў супольнасці ёсць крывадушнікі, — папярэдзіў Папа — там існуе вялікая небяспека”. Крывадушнасць робіць так шмат шкоды ў Касцёле, бо крывадушнік – гэта заўсёды знішчальнік.

Папа Францішак заклікаў прасіць у Бога ласку, не патрапіць у пастку крывадушнасці, казаць праўду, а калі гэта немагчыма, проста маўчаць.

Ватыканскае радыё

для друку для друку