Пантыфік: кожнае дзеянне з Езусам — нагода для святасці

«Кожная дзейнасць — праца і адпачынак, сямейнае і сацыяльнае жыццё, выкананне палітычных, культурных і эканамічных абавязкаў — кожны від дзейнасці, малы ці вялікі, калі перажываецца ў аб’яднанні з Езусам і са стаўленнем любові і служэння, з’яўляецца нагодай, каб жыць поўнасцю хростам і евангельскай святасцю», — падкрэсліў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Regina Coeli», якая 29 красавіка 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

«Божае Слова, таксама і ў гэтую пятую Велікодную нядзелю, працягвае паказваць нам шлях і ўмовы, каб быць супольнасцю Уваскрослага Езуса», — звярнуў увагу Папа. — У мінулую нядзелю была падкрэслена сувязь паміж вернікам і Езусам Добрым Пастырам. Сёння Евангелле прапануе нам той момант, у якім Езус прадстаўляе сябе як праўдзівая вінаградная лаза і заклікае нас заставацца аб’яднанымі з Ім, каб прынесці багаты плён (Ян 15,1-8). Лаза – гэта расліна, якая ўтварае адзінае цэлае з галінамі; і галіны плённыя толькі тады, калі аб’яднаныя з лазой. Гэтыя адносіны з’яўляюцца таямніцай хрысціянскага жыцця, і евангеліст Ян выказвае гэта дзеясловам «застацца», які ў сённяшнім урыўку паўтараецца сем разоў. «Заставайцеся ўва Мне», — кажа Пан. Заставацца ў Пану…

Справа ў тым, што каб заставацца з Панам, трэба знайсці мужнасць выйсці з сябе саміх, з нашага камфорту, з нашай вузкай і ахоўванай прасторы, каб сустрэць у адкрытым моры патрэбы іншых і даць шырокае дыханне нашаму хрысціянскаму сведчанню ў свеце. Гэтая адвага выйсці з самога сябе і сустрэць у патрэбе іншых, народжана верай ва Уваскрослага Пана і ўпэўненасцю, што Яго Дух суправаджае нашу гісторыю. Адзін з саміх спелых плёнаў, якія нараджаюцца ад зносін з Хрыстом, з’яўляецца, на самай справе, прыхільнасць дабрачыннасці ў адносінах да іншых, любячы братоў з самаадрачэннем ад сябе самога, аж да канца так як сам Езус палюбіў нас. Дынамізм любові веруючага не з’яўляецца вынікам стратэгій, не вынiкае са знешняга клопату, з сацыяльных ці ідэалагічных пытанняў, але нараджаецца ад сустрэчы з Езусам і ад нашага «застацца» ў Езусе. Ён для нас з’яўляецца вінаграднай лазой, ад якой мы бярэм сок, гэта значыць, «жыццё», каб прынесці іншы лад жыцця і страціць сябе, даючы першараднае значэнне — апошнім.

Калі мы блізкія з Панам так, як блізкія і злучаныя паміж сабой вінаградныя лозы і галінкі, мы будзем здольныя прынесці плён новага жыцця, міласэрнасці, справядлівасці і супакою, якія ўзнікаюць з адносін з Уваскрослым Панам. Гэта тое, што зрабілі святыя, тыя, хто жыў ва ўсёй паўнаце хрысціянскага жыцця і ў сведчанні любові, таму што яны былі праўдзівымі галінкамі жыцця Пана. Але, каб быць святымі, “няма неабходнасці быць біскупам, святаром, законнікам, законніцай. […] Усе мы, усе, пакліканы быць святымі, жывучы з любоўю і прапануючы кожнаму свае ўласныя сведчанні ў штодзённых занятках, там дзе знаходзімся (Gaudete і інш Exsultate, 14). Усе мы пакліканы да святасці. Мы павінны быць святымі з гэтым багаццем, якое мы атрымліваем ад Уваскрослага Пана. Кожная дзейнасць — праца і адпачынак, сямейнае і сацыяльнае жыццё, выконванне палітычных, культурных і эканамічных абавязкаў, — кожны від дзейнасці, малы ці вялікі, калі ён перажываецца ў аб’яднанні з Езусам і са стаўленнем любові і служэння, з’яўляецца нагодай, каб жыць поўнасцю хростам і евангельскай святасцю.

Няхай дапамагае нам Марыя, Каралева Святых і мадэль ідэальных адносін са сваім боскім Сынам. Няхай нас навучыць заставацца ў Езусе, як галінкі і вінаградная лаза, і ніколі больш не адлучацца ад Яго любові. Мы нічога не можам зрабіць без Яго, таму што нашае жыццё — гэта жывы Хрыстус, прысутны у Касцёле і ў свеце», — сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра рымлян і пілігрымаў і папрасіў іх не забывацца пра малітву за яго.

Ян Мойсік, Ватыканскае Радыё

для друку для друку