Пантыфік: Касцёл для ўсіх, і перш за ўсё для грэшнікаў

Papa-Francisco“Касцёл не толькі для добрых або тых, хто здаецца добрым ці лічыць сябе такім. Касцёл для ўсіх, і перш за ўсё для грэшнікаў, таму што Касцёл – гэта міласэрнасць”, — сказаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 28 верасня 2016 г. у Ватыкане.

У сваёй катэхезе Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне аб прабачэнні Езусам “Добрага злачынцы” на крыжы (Лк 23, 39-43).

Францішак нагадаў, што Езус быў укрыжаваны разам з двума злачынцамі, адзін з якіх насміхаўся з Яго, не разумеючы, што Божае прабачэнне даступна ўсім. “Паміраючы на крыжы, нявінны сярод двух злачынцаў, Ён пацвярджае, што Божае збаўленне можа дасягнуць кожнага чалавека, незалежна ад яго сітуацыі, нават самай кепскай і балючай. Божае збаўленне для ўсіх. Ніхто з яго не выключаны. Яно падорана ўсім. Таму Юбілей з’яўляецца часам ласкі і міласэрнасці для ўсіх: добрых і злых, здаровых і пакутуючых”, — сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуўся да церпячых па розных прычынах людзей, каб адкрыліся на Божае прабачэнне і з шчырым сэрцам прынялі яго.

“Да ўсіх прыкаваных да шпітальных ложкаў, закрытых у турмах, тых, хто патрапіў у пастку войнаў, я кажу: паглядзіце на Укрыжаванне! Езус з вамі, Ён застаецца з вамі на крыжы і дорыць сябе ўсім, як Збаўца. Ён суправаджае ўсіх нас і вас, якія шмат пакутуеце. Ён укрыжаваны за ўсіх. Дазвольце, каб сіла Евангелля прасякнула ваша сэрца і суцешыла вас, каб дала вам надзею і ўнутраную ўпэўненасць у тым, што ніхто не выключаны з прабачэння”, — падкрэсліў Францішак.

Спасылаючыся на прыклад іншага злачынцы, укрыжаванага разам з Хрыстом, Папа заўважыў, што ён паверыў ва ўсемагутнасць Бога і яго бясконцую дабрыню, і таму стаў “сведкам ласкі”.
“Вера гэтага чалавека – гэта плён ласкі Хрыста: яго вочы сузіраюць ва Укрыжаваным любоў Бога да яго, беднага грэшніка. Сапраўды, ён быў злодзеем: гэта праўда. Ён краў усё жыццё. Але напрыканцы пакаяўся з таго, што рабіў, і, гледзячы на Езуса, такога добрага і міласэрнага, ён здолеў “скрасці” для сябе Неба: малайчына гэты злодзей!”, — сказаў Папа.

Каментуючы яго просьбу: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства” (Лк 23,42), Францішак адзначыў, што такі давер да Бога з’яўляецца прыкладам для кожнага верніка.

“Гэты чалавек просіць Езуса ўзгадаць пра яго. Колькі пяшчоты ў гэтых словах, колькі чалавечнасці! Гэта патрэба чалавека ў тым, каб не быць пакінутым, каб Бог быў заўсёды блізка. Такім чынам, асуджаны на смерць становіцца прыкладам хрысціяніна, які давярае сябе Езусу. Гэта глыбока: асуджаны на смерць з’яўляецца прыкладам для нас (…). Але таксама і прыкладам Касцёла, які ў літургіі шматразова звяртаецца да Пана, кажучы: “Памятай… памятай… памятай аб сваёй любові…”, — падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што абяцанне Езуса: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі” (Лк 23,43), азначае спаўненне Яго галоўнай місіі: збаўлення грэшнікаў. “Ад пачатку да самага канца Ён выяўляў сябе як Міласэрнасць, адкрываў сябе ў якасці канчатковага і апошняга ўцелаўленне любові Айца. Сапраўды, Езус з’яўляецца абліччам міласэрнасці Айца”, — падкрэсліў Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку