- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пантыфік адправіўся ў “Пятніцу міласэрнасці” да дзяцей-сірот

papa_i_deti [1]14 кастрычніка 2016 г. у другой палове дня, Святы Айцец, у рамках «Пятніц міласэрнасці», адправіўся ў «SOS-дзіцячую вёску», размешчаную ў рымскім мікрараёне Бачэа. Місія гэтай сеткі ўстаноў заключаецца ў аказанні дапамогі ўсім дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі, або тым, якія рызыкуюць яе страціць.

Рымская вёска складаецца з пяці будынкаў, у кожным з іх жывуць шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 12 гадоў, разам з адказнай асобай – «SOS маці». Вёска пабудавана такім чынам, каб забяспечыць магчымасць падтрымкі дзяцей у падлеткавым узросце, суправаджаючы іх як у рэальнай сям’і праз розныя этапы развіцця і сацыяльнай інтэграцыі.

Пакінутыя і асірацелыя дзеці атрымліваюць сям’ю: маму, тату, любоў і бяспеку, а менавіта ўмовы, у якіх яны могуць развівацца. Асаблівы ўпор Цэнтры кладуць на падрыхтоўку дзяцей да самастойнага жыцця.

Першую такую вёску пабудаваў разам з сябрамі ў 1949 г. малады аўстрыец Герман Гмайнэр. Яна стала домам для сірот вайны і кінутых дзяцей. Сёння існуе больш за 500 такіх устаноў у 132 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Пад апекай Асацыяцыі знаходзяцца 1 272 400 дзяцей ва ўсім свеце.

Кіраўнікі Рымскай вёскі, Паола і Марыя распавялі Святому Айцу яе гісторыю. Хлопчыкі і дзяўчынкі, разам з супрацоўнікамі Цэнтра, паказалі Францішку яго тэрыторыю: зялёную зону, пляцоўку для гульняў і футбольнае поле, а таксама свае пакоі. Затым яны запрасілі Папу на падвячорак.

Ватыканскае Радыё [2]