Памёр 103-гадовы жабрак, дабрачынец святыняў

У Сафіі ва ўзросце 103-х гадоў памёр Добрэ Добрэв — жабрак, які быў дабрачынцам шматлікіх святыняў у Балгарыі. Гэты чалавек жыў вельмі сціпла і вялікую частку свайго доўгага жыцця ён правёў каля ўваходу ў нацыянальны балгарскі сабор св. Аляксандра Неўскага ў сталіцы краіны. Жабрак стаў вядомым тым, што ўсе грошы, якія ён там збіраў, перадаваў на патрэбы гэтай святыні і іншых цэркваў і манастыроў, а таксама бедным людзям.

Спадар Добрэ, якога за пажылы ўзрост і доўгую сівую бараду людзі называлі «Дзядок», «Дзядуля», нарадзіўся недалёка ад Сафіі ў невялікай вёсцы Байлава, з якою быў звязаны да канца жыцця, нават тады, калі даязджаў у сталіцу. Яго бацька загінуў на фронце падчас Першай сусветнай вайны, таму яго выхоўвала маці. Пазней ён сам стварыў сям’ю, меў чацвёра дзяцей, з якіх выжыла двое. Падчас бамбардзіровак Сафіі ў гады Другой сусветнай вайны адзін са снарадаў узарваўся каля яго, у выніку чаго Добрэ цалкам згубіў слых. Пазней часткова слых вярнуўся, але ўсё роўна ён застаўся інвалідам. Калі Добрэ аўдавеў і застаўся адзін, то пачаў жабраваць каля ўваходу ў самы вялікі балгарскі сабор, а часам таксама каля іншых сталічных цэркваў.

Усе сабраныя такім чынам грошы ён аддаваў на патрэбы царквы, а менавіта ўзгаданай вышэй катэдры св. Аляксандра Неўскага, а таксама на патрэбы царквы святых Кірыла і Мятода ў яго роднай вёсцы і многіх іншых святыняў. Гэты незвычайны лад жыцця даволі хутка стаў вядомым па ўсёй краіне, і нават за мяжой, з-за чаго жабрак стаў вельмі папулярным і любімым сярод людзей. Яны не толькі давалі яму грошы, але таксама часта прасілі ў яго благаслаўлення і малітвы.

Агулам Добрэ назбіраў і падарыў больш за 80 тыс. леваў (каля 40 тыс. еўра) згаданай ужо царкве ў Байлаве, кляштару ў Ялешніцы каля Сафіі, святыні ў Калоферы і інш. У 2009 г. Добрэ ахвяраваў сабору св. Аляксандра Неўскага 35 тыс. леваў і гэта найбольшы падарунак, які калі-небудзь атрымліваў гэты сабор ад прыватнай асобы.

Добрэ Добрэв жыў на тэрыторыі царквы святых Кірыла і Мятода ў Байлаве, адкуль штодня даязджаў 20 км да сталіцы. Асобу гэтага чалавека, вядомую таксама ў сацыяльных сетках, увекавечылі ў манументальным графіці (мурале) на адным з 10-павярховых сафійскіх дамоў.

Нечаканая слава, якая напаткала Добрэ па ўсёй краіне, вельмі яго абцяжарвала, бо ён вёў суровы, аскетычны лад жыцця і пазбягаў папулярнасці. У 2013 г. сталічны СМІ Sofia News Agency прызнала Добрэ Добрэва Чалавекам года, тлумачачы свой выбар тым, што «ёсць яшчэ месца на міласэрнасць і добрыя ўчынкі». Бескарыслівая і альтруістычная пазіцыя Добрэ была асабліва знамянальнаю для краіны, дзе карупцыя з’яўляецца прывычнаю справаю і мае глыбокія карані.

«Дзядуля» памёр у кляштары ў Крэмікоўцах — прыгарадзе Сафіі, — адкуль яго астанкі перавезлі ў Байлава, дзе яны былі выстаўленыя ў мясцовай царкве для апошняга развітання. У тым жа месцы адбылося пахаванне жабрака.

Шмат людзей, якія ведалі «Дзядулю», лічаць, што ён павінен быць кананізаваны.

Пераклад Вольгі Качалкі для ave-maria.by, паводле KAI № 8, 2018

для друку для друку