Памяці арцыбіскупа Пятра Мальчука (+відэа)

biskup_malczuk_1Ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі арцыбіскуп Пётр Геркуліян Мальчук адыйшоў у вечнасць у Гродне, дзе прымаў удзел у Эўхарыстычным кангрэсе, які праходзіў з 24 па 26 мая. Цела арцыбіскупа было знойдзена 27 мая ў яго асабістым пакоі. Іерарху было 50 гадоў, верагоднай прычынай смерці называюць праблемы з сэрцам.

Пётр Мальчук нарадзіўся 17 ліпеня 1965 года ў Малдове. Пасля заканчэння сярэдняй школы і тэрміновай вайсковай службы у 1986 годзе паступіў у Рыжскую Вышэйшую духоўную семінарыю.

У 1989 годзе ўступіў у ордэн францішканаў. 7 чэрвеня 1992 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 1992-1998 гадах вучыўся ў Рыме ў Папскім універсітэце, дзе атрымаў ступень доктора тэалогіі.

З 1998 года працаваў ва Украіне. 29 сакавіка 2008 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў а. Пятра Мальчука OFM дапаможным біскупам Адэска-Сімферопальскай дыяцэзіі, біскупскае пасвячэнне ён атрымаў 3 мая 2008 года. З 15 чэрвеня 2011 года Папа прызначыў яго ардынарыем Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, надаючы яму тытул арцыбіскупа ad personam. Гэта азначае, што Пётр Мальчук атрымаў сан арцыбіскупа, а Кіеўска-Жытомірская дыяцэзія захавала свой статус дыяцэзіі.

Арцыбіскуп Пётр свабодна валодаў украінскай, рускай, італьянскай, нямецкай, лацінскай і польскай мовамі.

biskup_malczuk_2

Падчас Эўхарыстычнага кангрэсу ў Гродне

Падчас Эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у Гродне з 24 па 26 мая, журналісты “Каталіцкага Весніка” папрасілі арцыбіскупа Пятра пракаментаваць некаторыя моманты даклада біскупа Ежы Мацура з Польшчы. У прыватнасці, мы спыталі ў іерарха, ці сапраўды сапраўдная вера патрабуе мучанікаў.

«Я б так не сказаў, што вера мае патрэбу ў мучаніках. Мучаніцтва — гэта натуральны вынік веры, бо чалавек, які сустрэў Езуса Хрыста жывога, асабліва, калі сустрэў яго ў Эўхарыстыі, калі кожны раз сваё духоўнае жыццё жывіць ад гэтай духоўнай сустрэчы падчас святой Імшы, то потым чалавек настолькі ўмацоўваецца ў веры і рэальна разумее, што ў ім знаходзіцца Божае вечнае жыццё, задатак якога мы атрымоўваем ужо тут. І калі чалавек становіцца перад выбарам захаваць веру і прыняць мучаніцтва, то ён прымае мучаніцтва», — адзначыў іерарх.

Таксама мы папрасілі арцыбіскупа Пятра Мальчука пракаментаваць той момант, што сучасны свет патрабуе новай евангелізацыі.

«Калі вы ўважліва слухалі канферэнцыю, то новая Евангелізацыя патрэбна там, дзе замёрла старая. У нас яна тут адраджаецца, бо фактычна людзі, якія раней прыходзілі ў касцёл, былі пахрышчаныя, потым перасталі хадзіць, то яны хрысціянскі пачатак у сябе маюць, яго толькі трэба адрадзіць. Нас свет цяпер патрабуе новай евангелізацыі, бо пасля камуністычнага рэжыму, калі гэта было забаронена, а шмат хто з людзей, хто хацеў хадзіць у касцёл і практыкаваць нашу веру, з-за страху гэтага не рабілі. І калі зараз яны ўбачылі, што гэта сістэма рухнула, то з’явілася шмат тых, хто шукае Бога. І калі яны сустракаюць на сваім шляху сапраўдных сведкаў, то гэта дапамагае ім знайсці веру, адрадзіць яе», — адказаў арцыбіскуп Пётр Мальчук.

Напрыканцы мы выказалі спадзяванне, што пра Касцёл ва Украіне паразмаўляем падчас сустрэчы ў Кіеве. На жаль, не давялося.

Рэдакцыя «Каталіцкага Весніка» выказвае шчырае спачуванне вернікам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі і ўсім католікам Украіны ў сувязі з заўчаснай смерцю арцыбіскупа Пятра Геркуліяна Мальчука. Яго справы назаўсёды ўвойдуць у гісторыю Каталіцкага Касцёла.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку