Памёр найстарэйшы каталіцкі святар у Беларусі (абноўлена)

Курыя Гродзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 26 чэрвеня адышоў у жыццё вечнае кс. прэлат Юзаф Трубовіч.

Праграма пахавальных урачыстасцяў:

29 чэрвеня, панядзелак:
18.00 — унясенне цела ў касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (вул. Цэнтральная, 26);
19.00 — св. Імша (пасля Імшы магчымасць індывідуальнай малітвы да 22.00);

30 чэрвеня, аўторак:
11.00 — пахавальная св. Імша ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (вул. Цэнтральная, 26)

Пасля св. Імшы адбудзецца абрад апошняга развітання і пахаванне спачылага на прыкасцёльным цвінтары.

Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць.

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі 6 студзеня 1926 г. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія), там жа атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Дульбіньскага 30 верасня 1956 г. Пасля пасвячэння 20 гадоў працаваў у Латвіі. Затым прыехаў у Гродна і на працягу 12 гадоў працаваў у францішканскім касцёле.

У 1988–1992 гг. быў прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе. Затым 7 гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

З 1999 г. з’яўляўся рэзідэнтам у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.

grodnensis.by

для друку для друку