Паміраць — не страшна? Што рабіць, каб не баяцца смерці

І жыць, і паміраць страшна, калі дні пралятаюць марна…

У лістападзе — месяцы, які ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны малітвам за памерлых, вольна ці міжволі задумваешся і пра сваю смерць. І амаль заўсёды пры гэтым узнікае пачуццё страху. Як правіла, баімся мы з-за невядомасці. Калі я памру: праз месяц, праз год, праз 50 гадоў ці ўжо сёння? Што будзе са мной пасля смерці? Што будзе з маімі блізкімі пасля маёй смерці, хто пра іх будзе клапаціцца?

Страх, акрамя страху Божага (больш дарэчнае вызначэнне тут — трапятанне перад Богам), — гэта заўсёды кепска, бо страх разбурае. Такі страх зыходзіць ад сатаны, ён хоча, каб мы баяліся — і жыць, і паміраць. І заснаваны такі страх на недаверы Богу — гэта і ёсць адна з мэтаў д’ябла. Атрымліваецца, справіцца са сваімі страхамі без даверу Богу немагчыма. Калі задумацца пра першае “невядомае” — калі я памру — нават атэісты прызнаюць, што даведацца гэта загадзя сапраўды нельга. Можа, сёння мяне саб’е машына, адарвецца тромб… Гэта на самой справе рэальна, пра гэта трэба памятаць, але не трэба гэтага баяцца. Але як?

Калі я буду жыць кожны дзень, як апошні, у мяне не будзе страху памерці сёння.

Што б я зрабіў сёння, калі б ведаў дакладна, што ўвечары пакіну гэты свет? Вядомы, але вельмі дзейсны і правераны спосаб не толькі не баяцца смерці, але і палепшыць якасць свайго жыцця. Калі з такой думкай пражываць дзень, ён не будзе заняты пустымі рэчамі і сумленне не стане мучыць за страчаны час. “Як хутка бягуць дні, як імкліва пралятае жыццё, вось ужо і смерць не за гарамі” — падмешваецца да страху яшчэ і смутак. Але прыходзіць ён толькі тады, калі дні прабягаюць марна — менавіта гэта засмучае нас і прымушае баяцца паміраць.

У мяне не будзе страху памерці сёння, калі я не зрабіў нічога дрэннага? Будзе, калі я не зрабіў сёння таго добрага, што мог бы зрабіць.

А што гэта добрае? Зарабіць сёння больш грошай, смачна паесці, купіць новы смартфон, весела правесці час? Не, таму што ўсё гэта ненадоўга, і нічога — ні грошы, ні рэчы — я не змагу забраць з сабой у іншы свет. Не таму што Бог не дазваляе, а паколькі ўсё гэта там будзе непатрэбна. З сабой я змагу забраць толькі любоў. Колькі я любіў сёння, колькі служыў Богу і бліжняму? Калі хоць крыху — ужо тады, з надзеяй на Божую міласэрнасць, я не буду баяцца памерці сёння. “У любові няма страху — дасканалая любоў праганяе страх, таму што страх звязаны з пакараннем, і той, хто баіцца, не дасягнуў дасканаласці ў любові” (I Яна 4:18).

А не баяцца таго, што будзе з маімі дзецьмі, бацькамі, мужам, жонкай, сабакам, кватэрай пасля маёй смерці, дапаможа толькі вера.

Калі Бог забярэ мяне з гэтага свету сёння, я веру, што менавіта сёння — лепшы час для маёй смерці, хай і не разумею гэтага. Вера ў Валадарства Нябеснае, у тое, што канчатковая мэта нашага жыцця — трапіць на Неба — дапамагае зразумець, што калі менавіта я пайду з гэтага свету — не важна. Год, два, дзесяць, дваццаць праляцяць гэтак жа непрыкметна, як і папярэднія гады, і калі вечнага Валадарства Нябеснага няма, і сэнсу зямнога жыцця няма. І калі сёння я памру, то ў Бога ёсць план і для маіх блізкіх — Ён ведае, як і праз каго паклапаціцца пра іх.

“Не бойся, бо Я з табою, не палохайся, бо Я — Бог твой. Я ўмацую цябе, Я дапамагу, рука Мая прынясе табе збаўленне”, — падбадзёрвае Гасподзь праз прарока Ісаю.

Павел Міцкевіч, katolik.life

для друку для друку