Палюбім ружанец!

1 кастрычніка распачынаем месяц, які называецца “ружанцовым”. У нашых касцёлах арганізуюцца ружанцовыя набажэнствы, а ў нашых планах дня з’яўляецца малітва з пацеркамі.

На пачатку гэтага месяца, які асаблівым чынам засяроджаны на Маці Божай, мы хочам нагадаць некалькі фактаў пра Ружанец, каб згодна з тым, што казаў святы Ян Павел ІІ, “сузіраць аблічча Езуса праз вочы і сэрца Марыі”.

Імя, аб’яўленае ў Фаціме. Маці Божая аб’явілася ў партугальскай Фаціме шэсць разоў у 1917 г. Тады Яна абвясціла траім дзецям сваё імя: “Маці Божая Ружанцовая”.

Фацімскі заклік. Шэсць разоў аб’яўляючыся ў Фаціме, Маці Божая кожны раз настойвала на тым, каб людзі маліліся на ружанцы. Яна казала, што толькі такая форма пабожнасці можа ўратаваць свет ад катастрофы.

Любімая малітва многіх святых. На пачатку свайго пантыфікату святы Папа Ян Павел ІІ прызнаўся, што ружанец быў яго любімай малітвай. А святы Францішак Сальскі казаў: “Праз гэтую малітву мы развіваемся, узрастаем і пазнаём новыя гарызонты”.

Таямніцы Святла. Святы Ян Павел ІІ дадаў да ружанцовых таямніц новы элемент – таямніцы Святла. Днём, які вызначыў Папа на разважанне над гэтымі таямніцамі, стаў чацвер.

Ружанец – гэта біблійная малітва. Ружанец з’яўляецца як біблійнай малітвай, так і медытацыяй, якая мае сваю крыніцу ў Бібліі. Малітвы, якія прамаўляюцца ў час ружанца, — гэта “Ойча наш”, якой молімся 6 разоў, і “Вітай, Марыя”, якой молімся 53 разы. Абедзве гэтыя малітвы маюць біблійнае паходжанне.

Таямніцы. Практычна ўсе таямніцы святога ружанца з’яўляюцца фрагментамі Бібліі або прадстаўляюць біблійную сцэну.

Ружанец і падабенства да чалавека. Святы Луі дэ Манфор параўноўвае ружанец да складанай натуры чалавека. Чалавечая асоба мае як цела, так і душу, падобна як святы Ружанец. Цела ружанца ўтвараюць слоўныя малітвы, душу – разважанне над яго таямніцамі. Ружанец, які мы молімся і над якім разважаем, з’яўляецца незвычайна важнай і адначасова магутнай малітвай.

Любімая малітва Марыі. Дзякуючы фацімскім аб’яўленням мы можам смела сказаць, што ружанец – любімая малітва Маці Божай. Гэта ратунак для свету, для душы, а таксама своеасаблівы букет з 50 ружаў, які мы ахвяруем Сэрцу Каралевы Нябёсаў.

Фактар часу. Многія людзі скардзяцца, што не маюць часу на штодзённую малітву, не кажучы ўжо аб ружанцовай. Але ж за час, на які затрачваем прагляд адной серыі тэлевізійнага серыяла (60 хвілін), можна прамовіць чатыры ружанцы! Дазволім жа, каб Езус, Марыя і малітва сталі цэнтрам нашага жыцця!

Малітва ўсёй сям’і. Кожная сям’я павінна зарэзерваваць для сябе час, месца і сфармаваць навык штодзённай малітвы з дапамогай святога ружанца. Добра было б, каб бацька сям’і ўзяў ініцыятыву кіравання ў штодзённым прамаўленні ружанца для вечнага збаўлення. Бо праўдзівым з’яўляецца сцвярджэнне: “Сям’я, якая моліцца разам, застаецца разам”.

Будзем жа маліцца на ружанцы! Будзем маліцца, каб Маці Божая Ружанцовая благаславіла нас, нашы сем’і і ўвесь свет сваім любячым матчыным позіркам і нястомна палаючым Беззаганным Сэрцам.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку