Пальмовая нядзеля. 29.03.2015

palm-sunday_13+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

Калі наблізіліся да Ерузалема, да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары Аліўнай, Езус паслаў двух сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі хтосьці вам скажа, навошто вы гэта робіце, адкажыце: Ён патрэбны Пану, і зараз жа адашле зноў яго сюды.

Яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае каля дзвярэй знадворку, на вуліцы, і адвязалі яго. І некаторыя з тых, хто стаяў там, казалі ім: Што вы адвязваеце асляня?  Яны адказалі ім, як наказаў Езус, і тыя адпусцілі іх.

І прывялі да Езуса асляня, і паклалі на яго сваё адзенне, а Ён сеў на яго. І многія слалі адзенне сваё на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і следам за Ім, усклікалі:
Гасанна!
Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!
Благаслаўлёнае валадарства
айца нашага Давіда,
якое надыходзіць!
Гасанна на вышынях!

Гэта слова Пана.

для друку для друку