Пальмовай нядзеляй скончыліся велікапосныя рэкалекцыі ў Глыбокім

glybokaje_rekalekcji22У Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы велікапосныя рэкалекцыі трывалі з 18 па 20 сакавіка, якія праводзіў айцец Аляксандр Жарнасек МІС з Оршы.

У першы дзень духоўных практыкаванняў святар распавядаў пра Царства Божае, а таксама пра існаванне Царства сатаны. Гаворка таксама ішла пра паняцце любові, асабліва Любові Божай, якая з’яўляецца галоўнай зброяй Божага Валадарства.

Гаміліі другога дня рэкалекцый працягнулі тэму любові. Казанні былі насычаны жыццёвымі прыкладамі, што вельмі даступна і прасцей для ўспрымання вернікамі.

Спецыяльныя канферэнцыі пасля Імшы ўдзень для жанчын і Ўвечары для мужчын прамовіў рэкалекцыяніст. Айцец Аляксандр нагадаў жанчынам іх ролю ў свеце і сям’і, узгадаў паняцце мацярынскага інстынкту, а таксама заклікаў прыгожую палову чалавецтва выракацца духа зайздрасці ў Імя Езуса Хрыста. Прысутным жа мужчынам нагадалі, што мужчынская прырода — гэта быць канкрэтным. Вельмі важна прымаць мужчынскае рашэнне і пасля несці за яго поўную адказнасць.glybokaje_rekalekcji02

20 сакавіка — трэці і апошні дзень велікапосных рэкалекцый. Святая Імша распачалася ўрачыстым уваходам працэсіі ў святыню. На пачатку літургіі Пальмовай нядзелі пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч прачытаў Евангелле пра трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем, пасля чаго асвяціў упрыгожаныя галінкі вербаў, якія трымалі ў руках маленькія дзеткі і старэйшыя вернікі. Пасля працэсія вырушыла ў бок алтара, а вернікі клалі на шляху працэсіі свае вербы, на ўзор людзей з натоўпу, якія віталі Хрыста і слалі на дарозе сваю вопратку, а таксама аліўныя і пальмoвыя галінкі.

glybokaje_rekalekcji19

Айцец-рэкалекцыяніст Аляксандр у трэці дзень прадставіў парафіянам разважанне на тэму граху. На прыкладзе з уласнага досведу, а. Аляксандр запэўніў прысутных, што Бог за грахі не карае і падкрэсліў: «Грэх – гэта пракляцце і вызваліцца з яго можна праз пакаянне, давер, любоў і шчырыя адносіны з Богам. Калі мы грашым, то мы самі сябе праклінаем».

glybokaje_rekalekcji12

Скіраваўшы словы падзякі а. Аляксандру за прамоўленыя навукі, адкрытае сэрца і шчырасць, кс. Мікалай папрасіў рэкалекцыяніста ўдзяліць спецыяльнае блаславенне не толькі нашым святарам, сёстрам законным і вернікам парафіі, але і ўсім жыхарам Глыбоччыны.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку