Паклікаць ці абазваць?

tengrinewsХто звяртаецца да пустаты — няхай не чакае, што яму адкажа Бог. Калі на лагер пад Эверэстам схадзіла лавіна, выкліканая землятрусам, хтоcьці з гімалайцаў зрабіў відэазапіс. Відаць, як з шалёнай хуткасцю ляцяць клубы снежнага пылу, а паміж палаткамі мітусяцца людзі ў паніцы. І чуць адусюль: фак! фак! фак … 

 … Кажуць, што «мова сэрца» — галоўная, асноўная, найбольш праўдзівая — гэта тая, на якой чалавек лічыць, лаецца і моліцца. Аднак калі апошнім словам перад тварам смерці ёсць толькі «фак» (на любой мове), то хутчэй за ўсё гэта азначае, што яго сэрца, акрамя таблічкі множання, утрымлівае ўжо толькі лаянку.

Гэта падобна на такі стыль, своеасаблівую моду, эстэтыку блюзнерства. Але што там эстэтыка — кіданне вульгарызмаў, магчыма, у апошні момант жыцця, гэта проста доказ, што бедны чалавек сапраўды не ведае, да Каго яшчэ б мог бы заклікаць, Каго паклікаць на дапамогу. «З паўнаты сэрца гавораць вусны», — сказаў Езус. Калі ў каго ў сэрцы — «нейтральны светапогляд», то ён і моліцца да нейтральнага «святога фака». Хацелася б працытаваць класіка: якая паўната, такія і малітвы. Не кажу, што хрысціяне ніколі не лаяліся; але калі яны яшчэ і маліліся, то ў экстрэмальных сітуацыях звычайна яны, аднак, заклікалі Бога.

У фатальнай для палякаў бітве пад Батогам, у 1652 годзе, у рукі татар трапіла 35 тысяч воінаў, сярод іх нямала гусар і добрых афіцэраў. Ацалелы сведка запісаў: «Адных зарубалі, іншых да смерці праколваюць, а калі палонныя, паміраючы, крычалі: Езус! – перапалохалі татараў. Таму ім па горлу рэзалі, каб збаўчага імя Езуса не ўспаміналі».

Такіх прыкладаў, і сучасных таксама, дастаткова, але мне чамусьці трымаецца ў памяці гэтая сцэна «сармацкай Катыні». Знамянальным з’яўляецца і відавочнасць, якой для хрысціян заўсёды быў апошні зварот да Езуса. Апошняе намаганне свядомасці было зарэзервавана для Таго, хто самы важны і Хто, уласна, адзіны, на якога разлічваюць у цяжкіх абставінах. Найважнейшы, нягледзячы ні на што — нягледзячы на няправільныя выбары, нягледзячы на грахі, нягледзячы на ўсе лаянкавыя словы, якія калісьці ў жыцці прамаўлялі.

Цяпер людзі ў драматычных сітуацыях таксама клічуць Бога, але як бы радзей, — а гэта значыць, што, як супольнасць, мы бяднеем. Дэман постхрысціянства выкрадае з сэрцаў паўнату жыцця, прынесеную Добру Навіну. І хоць расце ўзровень пражытачнага мінімума, зніжаецца ўзровень багацця сэрца. Узрастае беднасць найгоршая з магчымых, таму што адцягвае ад таго, у што на самой справе варта інвеставаць. Пустата ў сэрцы прыносіць, як наступствы, пустыя думкі і пустаслоўе.

Не было б сэнсу пра гэта пісаць, калі б гаворка ішла толькі пра словы, хай нават апошнія. Справа ў тым, што нашыя словы маюць творчую моц, рухаючую сілу. У малой ступені, але яны падобныя да словаў Бога, які сказаў: «так будзе» — і так адбылося. Не без прычыны св. Павел запэўнівае: «Кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены» (Рым 10, 13). Заклік Госпада прыносіць выратаванне. Таму хтосьці вельмі хоча, каб людзі клікалі каго заўгодна, абы не Збавіцеля.

Grodnensis са спасылкай на Gość Niedzielny

для друку для друку