Пакліканыя з Марыяй. Аповед удзельніка Дзён моладзі ў Гродне

Пакліканыя з Марыяй
Да жыцця ў ласцы Божай!
Просім Божай дапамогі!
Каб па прыкладу Марыі,
Жыць з Богам у кожнай хвіліне!

Сустрэчы моладзі Беларусі. Тое, што аб’ядноўвае нас ужо ў трэці раз. Тое месца, дзе маладыя людзі могуць узмацніць або ўпэўніцца ў глыбіні сваёй веры праз знаёмства са сваімі аднагодкамі, братамі і сёстрамі ў Хрысце. У Евангеллі паводле Мацвея сказана: “Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх”.

Пераадолеўшы 600 кіламетраў, моладзь Віцебскай дыяцэзіі 29 красавіка прыехала ў адзін з самых маладых раёнаў Гродна – на Дзевятоўку. З упэўненасцю магу сказаць, што кожнага ўразіў від касцёла Насвяцейшага Адкупіцеля, які пабудаваны ў стылі неаканструктывізма. Але больш за ўсё здзівіла не гэта, а колькасць маладых валанцёраў, якія, толькі заўважыўшы новую групу людзей, хуценька дапамаглі нам зарыентавацца і пачаць рыхтавацца да святой Імшы.

Праграма гэтай сустрэчы была вельмі насычаная. Карцінкі незаўважна змянялі адна другую. І вось мы ўжо ў самім Касцёле на Імшы. Нават халодныя мураваныя сцены здаліся і прапускалі цяпло для тых вернікаў, што сабраліся ў нядзелю ў храме. Над галовамі людзей луналі шматлікія сцягі.

Наступным крокам для нас было рассяленне і начлег у сем’ях. Колькі ж людзей адчыніла свае сэрцы і дзверы дамоў, каб даць прытулак каля тысячы ўдзельнікам гэтых дзён моладзі!

Другі дзень сустрэчы пачаўся з правядзення разнастайных катэхез. Усе ўдзельнікі былі раздзелены на дзевяць груп, якія адрозніваліся тэматычна. Пакліканыя з Марыяй да любові; да адвагі; да надзеі; да служэння; да радасці; да даверу; да сведчання; да трываласці; да чысціні. Знаходзячыся ў розных месцах, мы ўсе адчувалі яднанне, бо святары, што праводзілі катэхезы, сваімі словамі паказвалі нам прыклад, тую святасць Марыі, на ўзор якой мы павінны жыць.

Зараз будзе невялікі адыход ад узнёслага і высокага. Нельга не ўзгадаць наша харчаванне. Праход па бранзалетах, доўгія чэргі ў намёты з ежай і смакаванне атрыманых абеду і вячэры на траве. Тая рамантыка, якой часам не хапае сучаснай моладзі.

Падмацаваўшыся і яшчэ раз памаліўшыся, мы пачалі прэзентацыю дыяцэзій. Першай выступала дыяцэзія-гаспадыня. Удзельнікі тэатра імя св. Яна Паўла ІІ перадалі кароткую гісторыю сваёй дыяцэзіі. Пасля з малюнкамі і спевам выступіла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Трэцімі былі мы – моладзь з Віцебскай дыяцэзіі. Хваляванне было заўважана ва ўсім, але нават яно не перашкодзіла нам годна прэзентаваць родную Віцебшчыну. Пінскую дыяцэзію прадставіла моладзь з розных парафій. Скончылі прэзентацыю моладзь грэка-каталіцкай супольнасці Беларусі.

Паміж выступамі біскупы адказвалі на пытанні, якія ім ананімна задалі самі маладыя людзі. Мы пачулі самыя разнастайныя адказы на такія пытанні, як “Дзе шукаць крыніцу паклікання?” або “Чаму біскупская піуска малінавага колеру?”

Забаўляльная праграма прадугледжвала канцэрт кожны дзень. У першы дзень выступалі гродзенскія семінарысты – гурт “Ave”, у апошні смаргонскі гурт “Piligrims”. Але найбольш уражлівым , як мне падалося, быў выступ гурта з Баранавіч “The Crossway”. Таму што, як бы надвор’е не намагалася перашкодзіць, ніякія маланкі і дажджы не змаглі напужаць ні музыкаў, ні публіку.

З пачаткам новага месяца скончылася Агульнабеларуская сустрэча моладзі. Урачыстасць святога Юзафа мы адзначалі ў іншым касцёле, катэдральным саборы Святога Францішка Ксаверыя. Там адбылося і развітанне, падчас якога зноў луналі сцягі і чуліся словы: “Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай! Просім Божай дапамогі! Каб па прыкладу Марыі жыць з Богам у кожнай хвіліне!”

Добрае хутка заканчваецца. Адзін валанцёр сказаў, што нават не заўважыў, як прайшлі гэтыя дні. Такія сустрэчы дапамагаюць моладзі знайсці сябе і даюць глебу для роздуму. Падчас размовы з біскупамі прагучала думка, што колькасць і маштаб такіх мерапрыемстваў, як і развіццё моладзі залежыць толькі ад нас саміх. А для гэтага трэба несці веру і тыя дары, што мы атрымалі ў Гродна, у сваё асяроддзе і ісці наперад з верай!

Больш фота тут>>

Наталля Салодкая (г. Глыбокае), тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку