Пакліканне як таямніца: ксёндз Ян Раманоўскі і яго шлях да святарства

У сённяшнім нумары “Каталіцкага Весніка” – размова пра пакліканне ксяндза Яна Раманоўскага, які з’яўляецца прэфектам (выхавальнікам) у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Нарадзіўся ксёндз Ян у 1987 годзе ў мястэчку Радунь, што знаходзіцца ў Воранаўскім раёне, у каталіцкай сям’і. Святар успамінае некаторыя моманты з дзяцінства, калі пачаў знаёміцца з Касцёлам: “Дзесьці ў трэцім класе мае сябры мяне прывялі ў міністранты. Ад гэтага моманту ў маім жыцці пачаўся блізкі кантакт з парафіяльным жыццём. У нашым касцёле служыла вельмі многа святароў, дыяканаў, якія праводзілі катэхезы і працавалі з дзецьмі і моладдзю. У той час я стараўся ўдзельнічаць у гэтых сустрэчах. Аднак, на самай справе, я ніколі не задумваўся пра тое, каб быць святаром. У мяне былі ўвогуле іншыя планы і мары адносна маёй будучыні”.

Дзесьці ў 14-гадовым узросце юнак пачынае перажываць своеасаблівы крызіс веры. Перастае ўдзельнічаць у катэхезах, ужо не служыць міністрантам: “Я не заўжды з радасцю хацеў ісці на нядзельную святую Імшу, мяне цікавілі ўвогуле іншыя рэчы. Калі трэба было ісці на катэхезу, я прыдумваў розныя адгаворкі. Часам гэта было прычынай  канфліктаў з маімі бацькамі”.

Так працягвалася да таго моманту, пакуль у 2003 годзе ў родную парафію хлопца не прыехаў новы дыякан, знаёмства з якім змяніла вельмі многае. Тады зноў пачаліся наведванні катэхезаў, праз нейкі час адбылося вяртанне ў міністранты, потым штодзённыя святыя Імшы, дыяцэзіяльныя Дні моладзі…

Святар успамінае: “Гэта быў такі час пошуку сябе і сваёй будучыні. Аднаго разу ў мяне запыталі, ці хацеў бы я пайсці ў семінарыю, з чаго я толькі пасмяяўся. Але ад таго моманту ўнутры мяне пачало прарастаць гэтае зерне паклікання. Я даходзіў да святарства паступова, асабліва ў апошнія гады навучання ў школе. Удзельнічаў таксама ў самых першых рэкалекцыях для юнакоў у семінарыі ў Гродне. Думаў пра святарства, але шмат пра гэта не гаварыў”.

Пасля заканчэння школы ў 2005 годзе хлопец ужо дакладна ведаў, што хоча прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям.

Цяпер, пасля сямі гадоў семінарыйнай фармацыі і пяці гадоў святарства, ксёндз Ян вельмі ўдзячны Богу за дар свайго паклікання: “Тое, што я магу служыць і дапамагаць людзям, прыносіць мне многа радасці і дае пачуццё шчасця”.

Хочацца адзначыць, што на шляху святара не было нейкіх надзвычайных сітуацый ці з’яў. Яго пакліканне фарміравалася паступова, пры дапамозе людзей, якіх Госпад паставіў і надалей накіроўвае на яго жыццёвым шляху.

У заключэнне ксёндз Ян выказаў такую думку: “Для мяне праўда пра пакліканне да святарства з’яўляецца ў пэўным сэнсе сферай толькі асабістых адносін з Езусам, якія не кожны можа зразумець і пра якія не атрымаецца ўсё распавесці, таму, што пакліканне застаецца таямніцай нават для самога пакліканага”.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку