«Пакіньце свае інтэнцыі тут»: 4 і 5 жніўня ў Росіцы прайшлі ўрачыстасці

Пакланіцца росіцкім пакутнікам прыбылі тры пешыя пілігрымкі: з Друі (96 чал, 3 дні, 100 км), Полацку (53 асобы, 4 дні, 110 км), Барысава (40 пілігрымаў, 8 дзён, 258 км), на матацыклах з Браслава (22 чал), на роварах з Барысава (14 асоб, 4 дні, 310 км).

Урачыстасці распачаліся 4 жніўня святой Імшой з удзелам усіх пілігрымаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У Літургіі таксама прыняў удзел Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.

“Памерлыя не знікаюць, а тым больш аддаўшы жыццё як сведчанне сваёй веры, становяцца нашымі заступнікамі. Збіраемся сёння ў гэтай святыні, каб чарговы раз падзякаваць Богу за тых людзей, якія і сёння для нас служаць прыкладам мужнасці ў вызнаванні нашай веры”, — скіраваў свае словы ардынарый.

Слова да вернікаў прамовіў кіраўнік барысаўскай пешай пілігрымкі а. Вадзім Мізер МІС. Штогод пілігрымы прыходзяць у санктуарый з рознымі сваімі інтэнцымі, але большасць з іх і “забіраюць” свае просьбы дадому. Святар заклікаў пакінуць інтэнцыю тут і выехаць з пустой галавой. Бог для кожнага падрыхтаваў нешта новае, не трэба засяроджвацца на старых думках, а лепш крочыць наперад.

Адмыслова да ўрачыстасцей у касцёле была падрыхтавана выстава фатографа Элана Лыскова “Сведчанне веры ў Хрыста”. У святыні размешчаны фотаздымкі маладых людзей з крыжам разам з іх асабістымі сведчаннямі, думкамі і разважаннямі.

З нагоды Юбілею 500-годдзя Бібліі Скарыны з дакладам выступіў кс. Сяргей Сурыновіч.

Тэрыторыя мясцін, адкуль прыбываюць  пілігрымы ў Росіцу штогод павялічваецца. У чарговы раз кусташ санктуарыя а. Чэслаў Курэчка МІС вітаў пілігрымаў з вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак нашай краіны: Мінск, Віцебск, Барысаў, Полацк, Наваполацк, Жодзіна, Глыбокае, Орша, Верхнядзвінск, Мёры, Браслаў, Друя, Бігосава, Асвея, Дзісна і інш.

Асаблівым “пунктам” святкавання для вернікаў з’яўляецца св. Імша апоўначы і працэсія на Пляц мучаніцтва, дзе адбываецца малітва і адарацыя крыжа. Гэтую Эўхарыстую разам з прысутнымі святарамі і Віцебскім ардынарыем канцэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

“Мы сабраліся каб прасіць Пана для нас, сучаснікаў, моцнай веры, сапраўднай адвагі жыць з Хрыстом, жыць паводле Яго Евангелля. Бласлаўлёныя мучанікі ў дасканалы спосаб выканалі заклік Хрыста. Жыць з Ім і жыць так, як вучыць Ён – гэта заданне для кожнага з нас, каб быць дастойнымі нашчадкамі іх плённага і бласлаўлёнага жыцця”, — з гэтымі думкамі распачаў малітву іерарх.

Пасля Імшы святары, законныя сёстры разам з вернікамі вырушылі працэсіяй на месца мучаніцтва і смерці росіцкіх жыхароў разам з бласлаўлёнымі айцамі Юрыем і Антоніем.

Пасля малітвы слова да прысутных скіраваў біскуп Алег: “Не забараніў Бог ужываць гэты свет, радавацца, весяліцца, пазнаваць, але папярэдзіў, што чалавек не можа для сябе сам быць нормай, не можа чалавек, нягледзячы на Божы закон, будаваць сваё жыццё, бо гэта заканчваецца смерцю, забойствам. Гэтае месца, на якім чарговы раз стаім – моцнае таму пацвярджэнне. Бо чалавек, які не зважаў на Бога, на Яго закон, чалавек, які лічыў сам сябе законам, нішчыў другога чалавека. На жаль так ёсць і сёння, а паратункам у такой сітуацыі з’яўляецца толькі вера, якая вяртае нас да Божага сыноўства. Менавіта таму, там дзе панавала смерць, людзі ставяць крыж. Гэта знак надзеі і перамогі над грахом і смерцю, знак, пад якім чалавек вяртаецца да свайго Айца.

Няхай і наша вера, якая прывяла кожнага на гэтае месца, дапаможа мець Бога, як найвышэйшы аўтарытэт у сваім жыцці. Няхай дапаможа памятаць, што Яго права ёсць для нас галоўным. Няхай дамапожа нам любіць бліжняга як самога сябе, быць здольным прысвяціць сваё жыццё іншаму чалавеку, як учыніў гэта Езус. І тады гэтая вера дапаможа нам не баяцца смерці, быць пераможцамі ў змаганні дабра са злом у сучасным свеце, а перадусім стацца пераможцамі ў змаганні з вечнай смерцю, бо ў ёй перамог Езус, і пераможа кожны, хто да Яго належыць, так як да яго належаць тыя, хто быў закатаваны на гэтым месцы. Просім праз іх заступніцтва аб моцнай веры для нас, каб яна ўжо зараз і тут чыніла нас пераможцамі, чыніла Божымі дзецьмі, якія ўжо зараз належаць да Божага Валадарства”, — заклікаў іерарх.

Наступным “пунктам” святкавання стаў Крыжовы шлях у інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны. Праз усю ноч няспынна трывала малітва. Вернікі прынялі ўдзел у многіх набажэнствах, сярод якіх былі нешпары за памерлых, Акафіст да росіцкіх мучанікаў, малітва праслаўлення, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці НПМ, Літургія ўсходняга абраду, Святы Ружанец.

Свята завяршылася, а малітва ў Росіцы ў інтэнцыях, якія пакінулі тут пілігрымы будзе працягвацца.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

 

для друку для друку