“Пакіньце алеі смерці і шукайце Хрыста ўваскрослага!”: жанчыны з пахучымі алеямі ў збанах завіталі ў глыбоцкую святыню на Вігілію Пасхальную

glybokaje_vigilija_paschalna16Познім суботнім вечарам глыбоцкая святыня пачала напаўняцца вернікамі, якія прыйшлі даведацца вялікую навіну для ўсяго свету. Вялікі касцёл у Глыбокім, але і ён не здолеў змясціць усіх жадаючых. Святая Імша Вігіліі Пасхальнай распачалася на вуліцы абрадам святла, дзе быў асвечаны агонь і ад яго быў запалены пасхал.

Літургія гэтага вечара, якая вельмі багатая і прыгожая, працягнулася літургіяй Божага слова аб таямніцы ўваскрасення Пана і вялікіх падзеях гісторыі чалавецтва; пасля літургіяй Хросту, калі да супольнасці Касцёла далучаюцца новыя асобы; эўхарыстычнай літургіяй — найважнейшая частка святой Імшы, калі Езус становіцца прысутным на алтары ў постацях хлеба і віна.

Пасля прачытання святочнага Евангелля, у святыні з’явіліся тры маладыя жанчыны са збанамі, якія, праходзячы праз касцёл, былі разгубленыя і пыталіся між сабой: “Хто ж нам адхіне камень, каб змаглі намасціць цела Хрыста пахучымі алеямі?” Падышоўшы бліжэй, сустрэлі чалавека ў белым адзенні, які ім і паведаміў, што Хрыстос уваскрос і Яго няма ў магіле. З бояззю і неспадзяванням, жанчыны вярталіся назад і ўсім пачыналі гаварыць, што Хрыстос уваскрос. Так вестка разляцелася па ўсёй глыбоцкай святыні.

glybokaje_vigilija_paschalna18

glybokaje_vigilija_paschalna17Такой міні-сцэнкай распачаў сваю гамілію кс. Вячаслаў Пялінак. “Жанчыны, якія ідуць да магілы, яны ідуць зусім без надзеі. Аб чым яны размаўляюць паміж сабой? Пра камень, якім апячатана магіла. Яны баяцца яго. А што такое камень? Што схаваў гэты камень? Гэты камень схаваў тое, у што яны верылі. Гэты камень схаваў Таго, Каго яны любілі. Гэтым каменем адсунулі ад іх надзею. Яны паверылі, яны пайшлі за Ім, жылі Ягоным словам. І потым камень, і ўсё — канец. За гэтым каменем схавалася тое, на што яны спадзяваліся ўсё сваё жыццё”, — звярнуў увагу святар. — А што ў іх руках? У руках трымаюць алей. А што такое алей, які яны нясуць? Гэта напамін аб смерці, яго нясуць каб намасціць мёртвае цела. Гэтыя алеі нагадваюць, што сталася нешта страшнае — гэта смерць Езуса.”

“Браты і сёстры! Дакладна і мы прыйшлі такія самыя сёння ў касцёл. Бо ў нашым жыцці таксама быў калісьці гэты камень. Камень, які нам сказаў, што ўсё скончана. Амаль у кожнага дарослага чалавека такія хвіліны ў жыцці былі, калі казаў «мне больш не хочацца жыць», «я не хачу заўтра прачынацца”. І вось што нам не дае радавацца і верыць у Бога? Гэта нашы камяні, якімі ёсць смерць нашага блізкага, крыўда, здрада, боль, які нам учынілі альбо наш грэх. І гэты камень кажа нам «Стоп! Усё, далей нічога не будзе», — падкрэсліў у гаміліі кс. Вячаслаў і працягнуў далей думку: — Жанчыны не маглі спадзявацца на тое, што Ён уваскрос, бо бачылі на ўласныя вочы як Ён канаў. І мы на ўласныя вочы бачылі столькі несправядлівасці і гора, што мы не можам радавацца тым, што Ён уваскрос. У іх вачах стаялі крыж і боль, яны не маглі думаць пра жыццё. Занадта і мы прывязаны да сваіх ран, занадта мы прывязаны да свайго болю, мы вельмі моцна яго трымаем і не хочам пакінуць. І таму не можам верыць у Бога і радавацца Яму. І таму не можам вызнаваць, што Ён уваскрос, бо мы нясём сасуды гэтага алея суму, расчаравання, болю. Адным словам, сасуды смерці. І мы так прывязаны да гэтага нашага суму, што не хочам пакінуць. Гэта цікава, што мы ганарымся і дзелімся з іншымі, як нас пакрыўдзілі, і мы гатовы паўтараць тысячы разоў, каб толькі людзі разумелі, што я самы бедны на зямлі. Вось гэтыя сасуды гэтага алею гэтай смерці. Вось той камень, які кажа нам, што тваё жыццё закончылася.

glybokaje_vigilija_paschalna20

“Браты і сёстры! Дык што нам кажа сёння Пасха Езуса Хрыста? Які камень, якія алеі? Пакінь ты гэта, як жанчыны пакінулі. Яны зразумелі, што Ён уваскрос і ўсё. Яны ўжо не памятаюць нічога, ні крыжа ні цярпенняў. Ён уваскрос, якое ж цярпенне?! Ты не можаш быць шчаслівы, калі трымаеш сасуд болю, слёз і дзелішся з гэтым усім. Гэты сасуд нам трэба разбіць і не выносіць свой боль і не паказваць яго іншым. Ніякі камень не можа запячатаць ні маё, ні тваё сэрца. Здрадзілі табе, а ты любі зноў! Падманулі цябе, а ты вер зноў! Схлусілі табе, а ты зноў давярай! Нельга баяцца гэтага каменя, не думай пра яго. Шмат камянёў пакладзены на нашым лёсе і колькі разоў хацелі замураваць.

Калі ты сапраўды паверыў, што Ён уваскрос, то, выходзячы з касцёла, ты пойдзеш са шчаслівым сэрцам і скажаш сабе і іншым: «Ведаеце, самыя лепшыя дні яшчэ ў будучыні, незалежна колькі мне гадоў. Самае шчаслівае маё жыццё яшчэ не пачалося. Чаму? А таму, што Ён уваскрос і я веру ў гэта»”, — заахвоціў святар.

“Гэта ноч, якая нас здзіўляе. Мы прышлі сюды да Яго, мы, ведаючы нашы грахі, павінны быць асуджаныя, а мы здзівіліся, бо Ён нам прабачыў. Мы прыйшлі ў гэта месца, таму што не заслугоўваем на яго любоў, а чуем што Ён нас любіць. Мы стаім перад Ім і магчыма думаем: “ Божа, ты пра мяне ўсе ведаеш, які я кепскі, а Ён кажа «А ведаеш, Я не памятаю»”. І гэта ёсць той цуд уваскрасення, той цуд вялікай Божай любові, якую мы павінны адчуць”, — падкрэсліў у гаміліі кс. Вячаслаў.

На заканчэнне святар пажадаў, каб шукалі ўкрыжаванага і ўваскрослага Езуса з Назарэту: “Шукайце там, дзе жывяце, шукайце на вуліцах Мінска, Віцебска, Полацка, дзе вучыцеся, шукайце Яго! Шукайце так як можаце, шукайце ў малітве, у думках, але шукайце Яго! Хто шукае, той абавязкова знойдзе. Важна каб мы ніколі не стамляліся і ўвесь час Яго шукалі.”

Пасля гаміліі, адбыўся Сакрамант Хросту, падчас якога двое маладых людзей — Марыя і Аляксандр, якія ўжо ў дарослым узросце захацелі належыць да Каталіцкага Касцёла — запрасілі Хрыста ў сваё жыццё.

glybokaje_vigilija_paschalna25

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку