Паказы фільмаў пад адкрытым небам стартуюць у гомельскім касцёле

У гомельскай рыма-каталіцкай парафіі аднаўляюць правядзенне кінапаказаў пад адкрытым небам.

Сумесныя прагляды кіно ў двары касцёла ўжо практыкаваліся ў 2013-2014 гадах, але затым спыніліся з-за ад’езду адказнага за працу з моладдзю святара. Нядаўна ініцыятыву аднавіць кінаклуб пры храме прапанавала гомельская група аматараў кіно, пробашч кс. Юры Варанко падтрымаў ідэю.

Першы паказ пройдзе ў пятніцу, 11 жніўня, у 21.00 у двары касцёла (вул. Савецкая, 118, прыпынкі «Гатэль «Турыст» і «Універсітэт»). Назва фільма, які прапануюць гледачам, не паведамляецца, каб захаваць невялікую інтрыгу. Але вядома, што гэта будзе амерыканскае кіно з разважаннямі над духоўнымі пытаннямі і сэнсам жыцця. У цэлым, для паказаў будуць адбіраць сур’ёзныя фільмы, якія нясуць карысць для душы. Звычайнага забаўляльнага кіно не будзе ў касцёле і па той прычыне, што пятніца для католікаў і ўсіх хрысціянаў — журботны дзень, калі вернікі ўзгадваюць пакуты і смерць Езуса Хрыста, трымаюць пост, устрымліваюцца ад забаў.

Перыядычнасць сустрэч пакуль вызначаецца. У дажджлівыя вечары прагляды будуць праходзіць у зале на першым паверсе храма.

katolik.life

для друку для друку