Пакаяння патрабуе кожны

krest_post jpgЧас посту можа выклікаць у некаторых людзей поўнае непрыняцце. Як могуць падабацца тыя дні, калі нельга радавацца і трэба абмяжоўваць сябе ў ежы? “Я дрэнна пашчу”, — думае вернік і часта не ўмее назваць, у чым жа заключаецца тады “добры” пост.

Немагчыма рэалізаваць тое, чаго чалавек зусім не разумее. Не зразумець Вялікі пост вельмі лёгка. Асноўную яго ідэю можна звесці да пытання: “Я быў ахрышчаны і такім чынам стаў хрысціянінам, але ці не з’яўляюся я ім толькі фармальна?”. Хрысціянскі фармалізм часам заключаецца ў тым, што веруючы ніяк не праяўляе сваю веру — не моліцца, не ўдзельнічае ў літургіі і гэтак далей. Аднак калі рабіць гэта толькі для таго, каб не грызла сумленне, каб лічыць сябе лепшым за іншых, тады словы чалавека не супадаюць з яго ўчынкамі — і гэта найбольш фармальная вера.

Да кожнага, хто выбірае такую дарогу, звяртаецца Хрыстос у Евангеллі: “Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць…” Вось яно — запрашэнне пазбягаць паказной пабожнасці і імкнуцца наблізіцца да дабра.

Час посту — час сумеснага пакаяння. Можа, штосьці было зроблена ў жыцці не так таму, што мы не бачылі добрага прыкладу? Можа, гэтых прыкладаў было замала? Так ці інакш, евангельскі заклік “кайцеся і верце ў Евангелле” заўсёды актуальны. Чалавеку ўласціва памыляцца, а мудраму чалавеку ўласціва прызнаваць свае памылкі і старацца выправіцца. Сапраўднае раскаянне наступае тады, калі з’яўляецца думка — далей так жыць немагчыма, нешта трэба змяніць.

Адной думкі мала. Мала сказаць іншаму чалавеку: “Я цябе люблю”. Трэба перайсці ад думкі да слоў, ад слоў — да ўчынкаў. Важна, каб веруючы падчас Вялікага посту вучыўся паляпшаць свае адносіны з Богам і з блізкім. У гэтым яму дапамагаюць розныя практыкі. Часам гэта будуць нейкія абмежаванні, якія трэба ўспрымаць не як парушэнне нашай свабоды, а як выпрацоўванне ўмення панаваць над сабой. Абмяжоўваючы сябе ў нечым, мы можам заўважыць, што ў нас становіцца больш часу, магчымасцей, духоўных і фізічных сіл, каб рабіць дабро.

кс. Кірыл Бардонаў, sb.by

для друку для друку