Пакаленне смартфонаў: ці існуе спосаб, каб абараніць дзяцей ад небяспекі інтэрнэту?

Сёння немагчыма пазбегнуць кантакту з гаджэтамі. З апошніх даследаванняў вынікае, што самастойна карыстацца смартфонам здольны 45% дзяцей ва ўзросце 2–4 гадоў і ажно 92% ва ўзросце 7–10 гадоў. Некаторыя бацькі лічаць, што гаджэты могуць служыць як “выхаваўчая” прылада.

Калі малое капрызіць, яму ў рукі даюць тэлефон, каб супакоілася, калі не хоча есці, уключаюць відэаролік ці гульню як стымул. Часта так робяць, калі проста хочуць адпачыць – і дзіця адчэпіцца. На жаль, не ўсе разумеюць, што гэта пачатак сур’ёзнай праблемы.

Віртуальны свет аддаляе дзіця ад рэчаіснасці, якая становіцца для яго няважнай. Могуць узнікнуць цяжкасці з маўленнем, наладжваннем адносін з равеснікамі, сацыяльнай адаптацыяй… Гэта вельмі важная тэма, асабліва для бацькоў. Трэба адразу звярнуць увагу на тое, што пад уладу гаджэтаў дзіця трапляе ў тую ж хвіліну, калі бярэ ў рукі планшэт ці смартфон.

Паважаныя бацькі, каб не дапусціць залежнасці свайго дзіцяці ад інтэрнэту, Вам неабходна ўсвядоміць асноўныя правілы:

1. Размаўляйце з дзіцём, у тым ліку аб тым, што робіць у інтэрнэце. Вельмі важна пераканаць яго, каб расказвала пра кожнае непакоячае здарэнне ці асобу, сустрэтую ў сеціве.

2. Арганізуйце дзіцяці час. Калі план дня добра складзены і напоўнены разнастайнымі заняткамі, у яго застаецца менш часу на інтэрнэт. Важна, каб з гэтых заняткаў дзіця атрымлівала шмат задавальнення і радасці (напрыклад, калі любіць футбол, варта ўзяць яго на матч ці разам паганяць мяч у двары).

3. Паклапаціцеся аб бяспецы інтэрнэту. Варта ўстанавіць дзённы ліміт часу карыстання гаджэтамі, бацькоўскія фільтры і кантроль доступу (напрыклад, мультфільм для двухгодка не можа трываць даўжэй за 10 хвілін, для трохгодка – даўжэй за 15-20 хвілін, а старэйшыя дзеці не павінны праводзіць перад тэлевізарам ці камп’ютарам больш, чым гадзіну ў дзень).

4. Будзьце прыкладам. Не трэба спадзявацца, што дзеці зоймуцца іншымі справамі, калі Вы самі пастаянна анлайн. Тэлефон – гэта першае, што мы трымаем у руках пасля абуджэння, і апошняе – перад сном?

5. Як мага пазней забяспечце дзіця смартфонам. Тое, што ўсе сябры ўжо маюць іх, не з’яўляецца годным аргументам.

Нельга адмаўляць, што гаджэты часта вельмі карысныя і могуць аблегчыць жыццё. Аднак важна памятаць: бескантрольны, неабмежаваны доступ да інтэрнэту вельмі дрэнна ўплывае на псіхалагічнае здароўе і эмацыянальнае развіццё маладога чалавека.

Няхай духоўнай абаронай ад небяспекі, якую тоіць у сабе інтэрнэт, паслужыць наступная малітва:

Усемагутны і вечны Божа, які стварыў нас па сваім падабенстве і наказаў шукаць найперш тое, што добрае, сапраўднае і прыгожае, асабліва ў Боскай асобе Твайго Адзінароднага Сына, нашага Пана Езуса Хрыста, дапамажы нам, молім Цябе, праз заступніцтва св. Ізідара, біскупа і доктара, каб падчас сваіх вандровак у інтэрнэце скіроўвалі свае рукі і вочы на тое, што падабаецца Табе, і з любоўю ды цярплівасцю ўспрымалі ўсіх, каго сустрэнем, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Св. Ізідар, маліся за нас!

Кс. Павел Салабуда, Слова Жыцця

для друку для друку