Пахаванне а. Аляксандра Надсана адбудзецца 29 красавіка

81520018_1-800x645Пахаванне мітрафорнага пратаіерэя Аляксандра Надсана адбудзецца у сераду 29 красавіка па грэка-каталіцкім абрадзе ў царкве святой Марыі ва Усходнім Фінчлі ў Лондане.

Царква святой Марыі (St. Mary’s church, 279 High Road, East Finchley, London N2 8HG) знаходзіцца насупраць брамаў могілак святога Панкрата (Islington and St Pancras cemetery, Roman Road), дзе будзе пахаваны і а. Надсан. Пачатак літургічнага абраду – у — 11.00.
Напярэдадні, 28 красавіка, цела айца Аляксандра будзе дастаўленае для развітання ў Марыйны Дом.

У Друі пад Браславам у рыма-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы служба за памерлага духоўнага лідара беларусаў свету адбудзецца 19 красавіка а 12 гадзіне. Беларускі цэнтр у Лондане і Друя цесна духоўна звязаныя паміж сабою праз асобу біскупа Чэслава Сіповіча і яго паслядоўнікаў, якія называлі дом Беларускай каталіцкай місіі ў Брытаніі “Новай Друяй”. Для “Старой Друі” асоба Апостальскага візытатара каталікоў усходняга абраду на эміграцыі Аляксандра Надсана вядомая і шанаваная.

Айцец Аляксандар Надсан ад 1971 г. кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. Актыўна ўдзельнічаў у працы Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі, Харытатыўнай секцыі, Англа-беларускага таварыства. У 1981 г. стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. 30 чэрвеня 1986 г. быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы. Стваральнік і кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Аўтар шэрагу перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, публікацыяў з гісторыі беларускай царквы і культуры. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

krynica.info

для друку для друку