Падзяка Богу за прыклад мужнай веры айцоў марыянаў. Урачыстасці ў Росіцы

3 і 4 жніўня 2018 года ў Росіцы ўшанавалі памяць мучаніцкай смерці бласлаўлёных мучанікаў айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

З розных куткоў Беларусі з’ехаліся вернікі, каб прыняць удзел ва ўрачыстасці.  Таксама ў Росіцу прыйшлі пілігрымкі з Полацка — 58 асоб, з Друі – 105 пілігрымаў, прыехалі на роварах з Барысава — 11 чалавек, а з Браслава – 15 байкераў на матацыклах.

На парозе святыні пілігрымаў сустрэў апякун санктуарыя а. Чэслаў Курачка МІС. А 18 гадзіне адбылася св. Імша для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У святочнай Літургіі таксама прыняў удзел Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.

“75 год з таго моманту ахвяры жыцця каля двух тысяч чалавек. Сёння мы дзякуем Богу за прыклад мужнай веры айцоў марыянаў, якія маглі пазбегнуць, уратаваць сваё жыццё, але, адчуваючы адказнасць за даручаных ім людзей, за слова Божае, якое ім абвяшчалі, пажадалі застацца разам. Гэты нязгасны прыклад мужнай веры вельмі патрэбны кожнаму з нас. Прысутнасць у гэтай святыні такой вялікай колькасці маладых шчаслівых твараў з’яўляецца найлепшым знакам таго, што ахвяра мучанікаў, іх прыклад не засталіся дарэмным”, — прывітаў на самым пачатку Віцебскі ардынарый.

Гамілію для пілігрымаў прамовіў а. Канстанцін Анашка МІС, які звярнуў увагу на сімвал пілігрымавання, на ахвяры і інтэнцыі кожнага пілігрыма, а таксама распавёў пра свае самыя шчаслівыя тры хвіліны шляху да Росіцы – калі перад уваходам у вёску “сцяна” дажджу спасцігла пілігрымаў.

Вернікі прынялі ўдзел у многіх набажэнствах, сярод якіх былі Нешпары за памерлых, Акафіст да мучанікаў, малітва праслаўлення, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Літургія ўсходняга абраду, Святы Ружанец.

Пасля святой Імшы апоўначы адбылася працэсія на Пляц мучаніцтва айцоў Юрыя і Антонія. «Прыходзім сюды прасіць аб заступніцтва бласлаўлёных пакутнікаў з Росіцы, каб не паўтарылася гэта трагедыя. Не толькі ў яе такім трагічным выяўленні, калі забіваецца вялікая колькасць людзей, а сёння  жывём з вамі ў свеце, які зноў нясе гэтую пагрозу. Кожны раз чуем пра тыя войны, якія трываюць і ўзнікаюць у свеце. Зноў пагражае небяспека трэцяй сусветнай вайны. Хто ведае, каб не малітва людзей, шчырым сэрцам шукаючых Бога, ці яна б ужо не надышла? Мы прыходзім сюды, каб прасіць Бога ў той інтэнцыі ўшанавання людской годнасці, адвагі бараніць гэту годнасць сёння ў сучасным свеце, бараніць людское жыццё ад самага яе пачатку да натуральнага канца. І сёння  гэта для нас заданне, наш абавязак. Прыходзячы сюды і гледзячы на знак крыжа, які тут стаіць, павінны ўсвядоміць сабе ў чарговы раз, што гэта ёсць знак перамогі. Просім сёння тут, каб і мы, вернікі 21 стагоддзя, былі моцныя на дарозе да Бога, моцныя верай, моцныя надзеяй, моцныя любоўю», — на заканчэнне малітвы скіраваў словы біскуп Алег Буткевіч.

Пасля працэсіі вернікі распачалі Крыжовы шлях вакол святыні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку