Падтрымайма святара, які ў вязніцы!

Ксяндза Віцебскай дыяцэзіі, пробашча Расонскай парафіі Вячаслава Барка, суд у Расонах 3 снежня прысудзіў да 10 сутак пазбаўлення волі. Яго асудзілі за тое, што на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён размясціў працу мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм». У сувязі з тым, што на малюнку прысутнічае выява нацысцкай свастыкі, публікацыя малюнка святаром была расцэненая як дэманстрацыя нацысцкай сімволікі.

— Ніякага нацысцкага сімвала ў сваіх сацыяльных сетках я не размяшчаў. Я яшчэ раз дэкларую сваю пазіцыю: я супраць фашызму, супраць камунізму, супраць любога таталітарнага рэжыму. Размяшчаючы свой пост у жніўні, калі я падзяліўся мастацкім творам вядомага мастака Цэслера, я не змяшчаў нямецкай фашысцкай свастыкі. Я размясціў гэты плакат, паказаўшы свой пратэст супраць гвалту, які адбыўся ў нашым грамадстве ў жніўні, — сказаў у адным з відэа на сваім YouTube-канале кс. Вячаслаў Барок.

За святара заступіўся і сам мастак Цэслер, які назваў свой малюнак антыфашысцкай працай і абураны такой трактоўкай праваахоўнікаў і пераследам святара.

На дадзены момант вядома, што кс. Вячаслаў знаходзіцца ў Следчым ізалятары ў Віцебску па вул. Гагарына з-за таго, што ў Ізалятары часовага ўтрымання ідзе рамонт.

Заахвочваем нашым чытачоў маліцца за святара, каб падтрымаць яго. Наша хрысціянская салідарнасць неабходная асабліва ў хвіліну вялікіх выпрабаванняў.

Кс. Віктар Місевіч

для друку для друку