Падручнік «Езус Хрыстус — Валадар і Збаўца» атрымаў узнагароду на XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы

nuneКамплект каляровага дапаможніка і сшытка для 6-га класа «Езус Хрыстус — Валадар і Збаўца», аўтарам якога з’яўляецца сястра Нунэ Цітаян MSF з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і, на XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы адзначаны ў традыцыйным конкурсе «Мастацтва кнігі-2016».

Тэмы падручніка скіраваны на вывучэнне Новага Запавету і ахопліваюць яго найважнейшыя сюжэты ад звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі да мукі і ўваскрасення Езуса Хрыста, заснавання Касцёла і жыцця першых хрысціянскіх супольнасцяў.

Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo», у якім кніга пабачыла свет, атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Падручнік новага стагоддзя». 12 лютага ўзнагароду выдавецтву ўручыў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхась Баразна.

Конкурс «Мастацтва кнігі» традыцыйна вызначае лепшыя кнігі экспанентаў выстаўкі за мінулы год.

Варта адзначыць, што кнігі с. Нунэ Цітаян MSF, выпушчаныя ў выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo», не ўпершыню атрымліваюць прызнанне арганізатараў кніжнага форуму.

Праграма выстаўкі ўключала ў сябе больш за 200 мерапрыемстваў, сярод якіх прэзентацыі кніжных навінак і сустрэчы з беларускімі і замежнымі аўтарамі.

Завершылася XXIII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш 14 лютага ў «Белэкспа». Яе арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

catholic.by

для друку для друку