Падрабязнасці размовы Папы Францішка з беларускімі біскупамі

Структурныя змены ў Касцёле ў Беларусі, нюансы беларускага заканадаўства, фармацыя будучых святароў і моладзі, а таксама магчымы візіт Пантыфіка ў Беларусь былі галоўнымі тэмамі сустрэчы Святога Айца з беларускім епіскапатам, які ў поўным складзе прыбыў у Рым з візітам “ad limina Apostolorum”.

Аўдыенцыя адбылася 1 лютага 2018 года ў ватыканскім Апостальскім палацы. Падрабязнасцямі падзяліўся з Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Я не першы раз прымаю ўдзел у візітах “ad limina Apostolorum”, не першы раз сустракаюся ў межах такога візіту з Пантыфікам, аднак упершыню фармат гэтай сустрэчы быў іншы, не такі як раней. Мы прывіталіся з Папам, потым селі вакол яго і тады ён папрасіў нас прадставіць сітуацыю Касцёла ў Беларусі. Я зрабіў гэта, пасля чаго адбыўся дыялог: Папа задаваў пытанні нам, потым мы задавалі пытанні яму. Яго найбольш цікавілі праблемы сям’і, выхавання моладзі, фармацыі святароў і кансэкраваных асобаў, адносіны з дзяржавай, з іншымі канфесіямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой”, — распавёў старшыня Канферэнцыі Біскупаў.

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, Святы Айцец вельмі добра ўспрыняў прадстаўленую яму інфармацыю. У той жа час, ён быў здзіўлены некаторымі праблемамі, у прыватнасці асаблівасцямі беларускага заканадаўства, якія патрабуюць, каб замежныя святары, якія прыбываюць у краіну, атрымлівалі дазвол на цэлебрацыю св. Імшы.

“Папа быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што 45 біскупаў, з якіх 9 кардыналаў, што прымалі ўдзел у пленарным пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцыі Еўропы, таксама павінны былі атрымаць дазвол на цэлебрацыю св. Імшаў. Гэта ж імідж краіны! Яму гэта было вельмі цяжка зразумець…”, — заўважыў арцыбіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Іерарх распавёў, што Пантыфік цікавіўся канкрэтнымі праблемамі жыцця святароў, кансэкраваных асобаў, фармацыі святароў і семінарыстаў. “Напэўна адным з галоўных пытанняў было пашырэнне структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Папа вельмі станоўча выказаўся на гэты конт”, — сказаў арцыбіскуп і дадаў, што гаворка ідзе пра новых біскупаў і новыя дыяцэзіі.

“Вядома, што Магілёў у гісторыі Каталіцкага Касцёла на нашых землях займаў вельмі важнае месца і сёння ён узгадваецца ў назве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але з гістарычнага пункту гледжання заслугоўвае таго, каб быць асобнай дыяцэзіяй. Пра гэта мы таксама казалі… Гродзенская дыяцэзія – вялікая. Таксама штосьці трэба думаць на гэты конт”, — адзначыў Мітрапаліт. Паводле яго, з’яўленне рэгіянальных біскупаў у Гомелі і Магілёве, важны крок у станоўчым вырашэнні гэтага пытання.

Падчас сустрэчы беларускага епіскапату са Святым Айцом уздымалася тэма папскага падарожжа ў Беларусь. “Папа сказаў так – у гэтым годзе гэта немагчыма, бо ўжо распісаны ўвесь графік візітаў, аднак, ён вельмі, вельмі хацеў бы прыехаць. Ён марыць аб тым, каб прыехаць у нашу краіну. Папа даў нам надзею, адносна таго, што, на маю думку, у блізкай будучыні прыедзе да нас. Ён сказаў: “Мне вельмі хацелася б прыехаць. Тое, як мы прадставілі Касцёл і тое, аб чым ён ведаў раней, вельмі яго зацікавіла”, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Беларускія біскупы распавялі Францішку пра моцную народную пабожнасць, дзякуючы якой вера была захавана і перададзена новым пакаленням. Яны расказалі пра доўгія чэргі да канфесіяналаў, якія ўзнікаюць у беларускіх касцёлах, асабліва ў перыяд Адвэнту і Вялікага посту.

Папу цікавала праца Касцёла з моладдзю. Ён з вялікай радасцю ўспрыняў інфармацыю пра правядзенне моладзевых чуванняў, дыяцэзіяльных сустрэч, а таксама пра агульнабеларускую сустрэчу моладзі, якая сёлета пройдзе ў Гродне. Іерархі распавялі Святому Айцу пра падрыхтоўку Касцёла ў Беларусі да Сусветных дзён моладзі ў Панаме і да Сінода Біскупаў на тэму моладзі. Арцыбіскуп Кандрусевіч паведаміў, што маладая беларуская верніца прыме ўдзел у перадсінадальнай сустрэчы, якая ў бліжэйшыя месяцы пройдзе ў Ватыкане.

Перад візітам да Папы Францішка, члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, раніцай цэлебравалі супольную Эўхарыстыю ля магілы св. Пятра, у гротах ватыканскай базылікі. Падчас літургіі яны асаблівым чынам маліліся за Касцёл і народ Беларусі.

Фотаздымкі са старонкі Ватыканскага радыё ў facebook

для друку для друку