Падораны Папу “Lamborghini” паслужыць дабрачыннасці

Пантыфіку падарылі “Lamborghini” мадэлі “Huracan”. Гэта ўнікальная версія, якая існуе ў адзіным экзэмпляры. Аўтамабіль перадалі Францішку 15 лістапада 2017 года ў прысутнасці кіраўніцтва аўтавытворцы. Ён не застанецца ў Ватыкане, а будзе прададзены на аўкцыёне “Сотбіс”. Даход прызначаць на тры дабрачынныя праекты.

Гаворка ідзе пра адбудову дамоў, грамадскіх памяшканняў і храмаў у іракскай Нінэвіі, каб забяспечыць вяртанне туды мясцовых хрысціян, якія былі вымушаны бегчы і ўжо тры гады знаходзяцца ў іракскім Курдыстане. Таксама грошы пойдуць на падтрымку жанчын, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі і прастытуцыі, у рамках праекту “Дом Папы Францішка” (Casa Papa Francesco). Фінансавую дапамогу атрымаюць і дзве італьянскія асацыяцыі, якія працуюць у Афрыцы ў рамках праектаў, прысвечаных жанчынам і дзецям.

Папа Францішак не ўпершыню практыкуе такі спосаб дабрачыннасці. Падораны яму летам 2013 года ў гонар 110-годдзя прадпрыемства “Harley-Davidson” аднайменны матацыкл быў прададзены на аўкцыёне, а атрыманыя амаль 250 тыс. еўра перададзены рымскай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”.

Ватыканскае радыё

для друку для друку