Падарунак на парафіяльны фэст для глыбачан — прывітанне ад Папы Францішка

glybokaje_fest28

31 мая ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбылася вялікая ўрачыстасць — парафіяльны фэст, якога з нецярпеннем кожны год чакаюць вернікі. На пачатку пробашч Мечыслаў Янчышын падкрэсліў значнасць урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы для парафіі. 

На ўрачыстую Імшу завітаў паважаны госць глыбоцкай святыні, у мінулым вікарый парафіі, а цяпер сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Казахстане кс. Аляксандр Рагіня, таксама разам канцэлебравалі Эўхарыстыю святары з Браслава, Мёраў, Шаркаўшчыны, Параф’янава і Глыбоцкага дэканату.

Падчас Імшы, кс. Аляксандр Рагіня прамовіў казанне, у якім заклікаў усіх вернікаў маліцца Богу і ачышчаць сваю душу ад зла. “Ці я чуў гэты голас Бога ў сваім сэрцы? Так, мы чуем голас у святых сакрамантах, у малітве. Першы голас Пана Бога мы пачулі ў сакраманце хросту. І тады Бог у нашай душы пасяліўся і прабывае. Гэты голас з’яўляецца нашым скарбам, скарбам нашай веры. Што я зрабіў з гэтым скарбам веры? Варта сёння паставіць гэтае пытанне”, — звярнуў увагу святар і дадаў: “Знак крыжа – гэта першая малітва, якая прызывае імя Найсвяцейшай Тройцы. Гэты «зарад», які чалавек атрымоўвае, павінен дапамагаць на працягу ўсяго дня, не забываць кім ён ёсць.”

glybokaje_fest12

“26 мая я быў у Рыме, разам з Айцом Святым адпраўляў св. Імшу, пасля якой адбылося кароценькае спатканне. Там я спытаў у Пантыфіка: «Святы Айцец, перад тым як вяртацца ў Казахстан, мяне запрасілі ў парафію, дзе быў ахрышчаны, і дзе я працаваў вікарыем некаторы час. Ці можна я завязу тым вернікам прывітанне ад Святога Айца». На што Папа Францішак адказаў: «Завязі!» Таму я сёння карыстаюся гэтай нагодай і перадаю духоўнае прывітанне ад Папы Францішка”, — такімі словамі скончыў сваю прамову кс. Аляксандр.

Пасля святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія.

Маргарыта Юрык, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку