12 кастрычніка 2019 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамант пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыяканам Уладзіславу Шарковічу і Алегу Зямчонку.
На пасвячэнні прысутнічалі святары і кансэкраваныя асобы як з Віцебскай дыяцэзіі, так і з іншых куткоў нашай краіны, настаўнікі і выхаваўцы новапрэзбітараў з духоўных семінарый, сябры і родныя.
10 кастрычніка 2009 года Яго Эксцэленцыя Марцін Відовіч, тагачасны Апостальскі нунцый у Беларусі, здзейсніў кансэкрацыю гэтай святыні як катэдральнага касцела ў Віцебску. «Узгадваючы гэту падзею сёння, праз 10 год тут перажываем вялікую ўрачыстасць. Дзякуючы Пану Богу за гэты час існавання, просім Яго моцы Духа Святога перадусім для двух кандыдатаў, якія сёння атрымаюць святарскае пасвячэнне», — прамовіў біскуп Алег. На самым пачатку іерарх адзначыў, што сёння асабліва ўрачысты дзень не толькі для саміх кандыдатаў да святарства, але і для ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, а таксама і ўсяго Каталіцкага Касцёла.
Напачатку дыяканы пацвердзілі сваю прысутнасць, пасля чаго рэктар Пінскай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка звярнуўся да Пастыра дыяцэзіі з просьбай аб пасвячэнні новых святароў.
Сваё казанне біскуп Алег распачаў з развагі над тым, чым ёсць святарства. Гэта найпрыгажэйшае пакліканне, але і вялікая прыгода. Ісці за Хрыстом, быць знакам Яго прысутнасці і дзейнічаць як Хрыстос. Іерарх засяродзіў увагу на некалькіх галоўных пунктах: не лічыць толькі на сябе, але дзяліцца Хрыстом і будаваць супольнасць, будаваць сваё святарства і паслугу, вучыцца даверу адзін аднаму і Духу Святому, не дазваляць нікому, акрамя Хрыста, змяняць сябе, быць святлом і соллю для свету. У сваёй прамове Ардынарый падзякаваў бацькам кандыдатаў, бо гэта дзень ахвяравання сваіх сыноў Богу.
Пасля гаміліі кандыдаты публічна выказалі сваю згоду атрымаць сакрамант святарства і далі клятву паслухмянасці біскупу.
Пасля апошняга адказу «Хачу з Божай дапамогай!»кандыдатаў на пытанне «Ці хочаш атрымаць гэты дар?», біскуп прамовіў: «Бог, які распачаў у табе гэту справу, няхай сам яе завершыць». Пасля гэтага дыяканы Алег і Уладзіслаў ляглі крыжам перад алтаром, а ў святыні святары і вернікі маліліся Літаніяй да ўсіх святых аб дарах Духа Святога для новых святароў.
Наступнай часткай Літургіі стаў абрад ускладання рук. Біскуп, а потым і ўсе святары па чарзе ўскладалі свае рукі на кандыдатаў. Затым адбылася кансэкрацыйная малітва, пасля чаго ўжо кс. Алег і кс. Уладзіслаў апранулі святарскае адзенне — стулу і арнат.
Затым адбылося намашчэнне рук новапрэзбітараў. Далей біскуп, а потым і ўсе святары прывіталі сваіх субратоў знакам супакою.
У касцёле пачаўся абрад Эўхарыстыі, у якім кс. Алег і кс. Уладзіслаў упершыню прынялі удзел як святары.
Напрыканцы Імшы новавысвечаныя святары дзякавалі Усемагутнаму Богу, Нябеснай Маці Марыі і сваім бацькам за гэты свой дар, які сёння атрымалі. Падзякі атрымалі біскуп Алег Буткевіч, настаўнікі і выхавацелі семінарый, святары, якія дапамагалі ў распазнанні пакліканняў, падчас духоўных і семінарыйных практык.
Ксёндз Уладзіслаў Шарковіч нарадзіўся 31 сакавіка 1995 года ў Мёрах у сям’і Валерыя і Таццяны. У 2012 годзе скончыў сярэднюю школу і паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Паспяхова скончыўшы навучанне, 15 жніўня 2018 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёле ў Мёрах прыняў дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча. Дыяканскую практыку праходзіў у парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. Згодна з Дэкрэтам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, кс. Уладзіслаў Шарковіч скіраваны вікарыем у парафію Святой Тройцы ў Глыбокім.
Ксёндз Алег Зямчонак нарадзіўся 9 чэрвеня 1989 года ў Парыжы (Пастаўскі дэканат) ў сям’і Люцыны. У 2007 годзе скончыў сярэднюю школу. Фармацыю праходзіў у духоўных семінарыях у Пінску і чатыры гады ў Санкт-Пецярбургу (Расія). 28 красавіка 2019 года, у свята Божай Міласэрнасці ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску прыняў дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча. Дыяканскую практыку праходзіў у катэдральнай парафіі ў Віцебску. Згодна з Дэкрэтам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, кс. Алег Зямчонак скіраваны вікарыем у катэдральную парафію Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>
Леанід Юрык, відэа
