Падарожжа Папы ў Калумбію не будзе палітычным

Падарожжа Святога Айца ў Калумбію будзе апостальскім, а не палітычным, падкрэсліў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. “Евангелле кліча людзей да міру, прабачэння і згоды. Папа прынясе пасланне Евангелля, якое вельмі важнае ў дадзены момант”, — дадаў Грэг Бёрк 1 верасня 2017 года падчас падчас прэзентацыі ў Ватыкане папскай пілігрымкі ў Калумбію.

Як ужо паведамлялася раней, Папа Францішак наведае чатыры гарады: Багату, Вільявісенсію, Медэльін і Картахену. У дзень прылёту – 6 верасня – пройдзе толькі кароткая цырымонія прывітання Папы на лётным полі. Па дарозе ў нунцыятуру, дзе ён спыніцца падчас візіту, яго будзе вітаць каля 700 тыс. чалавек.

На наступны дзень – 7 верасня – Пантыфік спачатку сустрэнецца з уладамі краіны і здзейсніць пратакольны візіт да Прэзідэнта, а затым наведае мясцовую катэдру, сустрэнецца з епіскапатам і кіраўніцтвам Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі, і будзе цэлебраваць св. Імшу ў сталічным парку імя Сімона Балівара.

8 верасня Папа накіруецца ў Вільявісенсію. Тут ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой будуць беатыфікаваны калумбійскія мучанікі: біскуп Хесус Эмільё Харамільё Мансальвэ, пастыр дыяцэзіі Араўка, і кс. Пэдра Марыя Рамірэс Рамас. Пасля Імшы Пантыфік прывітае 10 чалавек, якія пацярпелі ад красавіцкага сыходу апоўзня ў горадзе Макоа, на паўднёвым захадзе краіны.

Затым Папа прыме ўдзел у Вялікім малітоўным сходзе аб нацыянальным прымірэнні і правядзе малітву ля Крыжа прымірэння ў мясцовым Парк-дэ-лос-Фундадорэс. Гаворка ідзе пра малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі прымірэння: гэта не мітынг, арганізаваны проста, каб сабраць разам людзей. Тут будзе чытацца Божае слова, прагучаць сведчанні, словы Папы, удакладніў Грэг Бёрк і дадаў, што ў гэтай сустрэчы, між іншых, прымуць удзел былыя паўстанцы, якія на працягу доўгага часу праходзілі інтэграцыю ў жыццё калумбійскага грамадства.

На заканчэнне візіту ў Вільявісенсію, якая знаходзіцца недалёка ад лясоў Амазонкі, Францішак пасадзіць дрэва, на знак прымірэння з навакольным асяроддзем, пасля чаго вернецца ў Багату, дзе яго будуць чакаць групы ахвяр грамадзянскай вайны, вайскоўцы, паліцэйскія і былыя паўстанцы.

9 верасня Францішак адправіцца ў Медэльін, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю пад адкрытым небам на лётным полі аэрапорта імя Энрыке Олая Эрэра. Затым ён наведае Цэнтр св. Юзафа, а на мясцовым стадыёне сустрэнецца са святарамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і іх сем’ямі, што стане апошнім пунктам яго падарожжа ў гэты калумбійскі горад.

Нядзеля, 10 верасня пройдзе ў Картахене, дзе Францішак прыме ўдзел у закладке дома для бяздомных, памоліцца з вернікамі “Анёл Панскі”, наведае дом-санктуарый св. Пэдра Клавэра. Заключным пунктам калумбійскага візіту Папы стане св. Імша на тэрыторыі картахенскага порту, з шматтысячным удзелам вернікаў.

Падчас падарожжа прагучыць дванаццаць прамоваў Святога Айца – усе на іспанскай мове. Праграмай візіту не прадугледжаны яго сустрэчы з прадстаўнікамі “Рэвалюцыйных ўзброеных сіл Калумбіі” (FARC), “Арміі нацыянальнага вызвалення” (ELN), епіскапатам Венесуэлы.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі