Святая Імша распачалася а 15 гадзіне ў чацвер 7 лістапада ў мемарыяле Барок, дзе пахавана каля 27 тысячаў савецкіх ваеннапалонных і некалькі соцень італьянцаў. Усе яны загінулі ад рук нацыстаў.
На малітву сабралася каля сотні вернікаў і пяць святароў. Акрамя ксяндзоў з Глыбокага на богаслужэнне прыбылі кс. Віталь Галец з Ушачаў і кс. Вячаслаў Барок з Расонаў.
Сёлета ў Барку вернікі сабраліся ўжо другі раз. Першы раз тут маліліся летась, таксама 7 лістапада. Гэта была ініцыятыва пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксяндза Мікалая Ціхановіча.
Кс. Вячаслаў, які ўзначаліў Эўхарыстыю, звярнуўся з гаміліяй да вернікаў. У сваім слове ён выказаў надзею, што гэта падзея стане добрай традыцыяй: у дзень, калі адзначаецца гадавіна кастрычніцкага перавароту, збірацца тут, у Барку, каб разам маліцца за ахвяраў таталітарных рэжымаў: як нацысцкага, так і камуністычнага. Адразу пасля вайны нацысцкая ідэалогія разам з яе прадстаўнікамі была асуджаная на Нюрнбергскім працэсе, а камунізм да гэтай пары не асуджаны.
І зараз мы ходзім па вуліцах, якія носяць імёны катаў, носім кветкі да іх помнікаў, да гэтуль грамадства і дзяржава не пакаяліся за грахі камунізму. Але святар выказаў надзею, што рана ці позна гэта адбудзецца.
Напрыканцы Імшы кс. Мікалай Ціхановіч падзякаваў усім, хто на яе прыйшоў, і выказаў надзею, што мы і надалей будзем збірацца тут, каб маліцца за ахвяраў таталітарных рэжымаў, і на гэтыя богаслужэнні будзе збірацца ўсё больш вернікаў.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа
