- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пачынаецца візіт кардынала Дзяржсакратара ў Расію

[1]21 жніўня 2017 года пачынаецца афіцыйны візіт кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна ў Расію, у рамках якога адбудуцца яго сустрэчы з прадстаўнікамі вышэйшай палітычнай улады, кіраўніцтвам Рускай Праваслаўнай Царквы і мясцовай каталіцкай супольнасцю.

У ходзе візіту будуць уздымацца многія пытанні, у першую чаргу, якія тычацца канфліктаў у розных частках свету, распавёў іерарх у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “РИА Новости”. “Існуюць розныя міжнародныя дасье, якія выклікаюць занепакоенасць. Я лічу, што некаторым з іх трэба будзе надаць асаблівую ўвагу падчас візіту, перш за ўсё, адносна тых сітуацый, дзе Расія задзейнічана самым непасрэдным чынам”, — сказаў ён.

Кардынал удакладніў, што гаворка ідзе пра сітуацыі на Блізкім Усходзе, ва Украіне і на Паўднёвым Каўказе. “Насамрэч гэты спіс доўгі і ён не будзе аб’ектам дыскусіі выключна ў гэтым выпадку, бо дыпламатычныя кантакты не спыняюцца”, — адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Па словах кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, акрамя пошуку рашэнняў для трываючых канфліктаў, выжным з’яўляецца зняцце агульнай міжнароднай напружанасці. “Апостальская Сталіца не стамляецца паўтараць: узаемная павага і шчыры дыялог у адносінах паміж дзяржавамі павінны стаяць над інтарэсамі асобнай дзяржавы, нават калі такія паводзіны могуць па розных прычынах быць не вельмі папулярнымі сярод шырокіх слаёў насельніцтва ўласнай краіны. Патрабуецца шырокі, вялікадушны погляд на рэчы, гатовы да таго, каб даваць, а не атрымліваць, каб спрыяць агульнаму, а не толькі ўласнаму дабру”, — падкрэсліў ён.

Кардынал Дзяржсакратар адзначыў, што адзінства паміж дзяржавамі неабходна таксама для больш эфектыўнай барацьбы з тэрарызмам. “Толькі тады, калі асноўныя дзяржавы на міжнароднай арэне прызнаюць у супрацоўніцтве дзеля агульнага дабра галоўную каштоўнасць, да якой трэба імкнуцца, змогуць быць рэалізаваны шырокія альянсы, у тым ліку, і супраць зла фундаменталісцкага тэрарызму. Для таго, каб перамагчы зло, неабходна ўзаемаразуменне і шчырае імкненне да дабра. З іншага боку, спрыяць такім высілкам, такому настрою думак, гэта адна з задач Касцёла”, — заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Мінулагоднюю сустрэчу Папы Францішка з Патрыярхам Кірылам кардынал Паралін назваў “пачаткам новага шляху, мэтай якога з’яўляецца пераадоленне існуючых цяжкасцей дзеля таго, каб сканцэнтраваць усю энергію на спрыянне супольнаму дабру”.

Візіт кардынала Параліна ў Расію пройдзе 21-24 жніўня 2017 года. На працягу бліжэйшых двух дзён іерарх будзе знаходзіцца ў Маскве. Тут ён сустрэнецца з мясцовай каталіцкай супольнасцю, кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Іларыёнам, Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. 23 жніўня кардынал Дзяржсакратар накіруецца ў Сочы, дзе адбудзецца яго сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Ватыканскае радыё [2]