Па выніках другога туру ўступнага экзамену ў семінарыю ў Гродне залічаны новыя кандыдаты

10 жніўня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся другі тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску, паведамляе Catholic.by.

Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл.

Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да служэння ў Яго аўчарні ў якасці святароў.

Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў складзе двух чалавек: біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, старшыні Камісіі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў, і ксяндза Паўла Эйсманта, куратара 1-га курсу.

Пасля пісьмовай часткі экзамену кандыдаты сустрэліся з адным з членаў камісіі на кваліфікацыйнай размове.

Экзаменацыйная камісія, праінфармаваўшы пра сваё рашэнне Гродзенскага біскупа, з чыёй дыяцэзій паходзяць кандыдаты, і, атрымаўшы яго благаслаўленне і згоду, паведамляе, што новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі трое кандыдатаў, якія паходзяць з Ліды, Мураванай Ашмянкі і Вялікіх Эйсмантаў.

Адказныя за фармацыю духавенства просяць усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

Нагадаем, што па выніках першага туру ўступнага экзамену студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўжо сталі пяцёра кандыдатаў.

Кс. Павел Эйсмант, тэкст;
Віталій Палінеўскі, фота

для друку для друку