- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Паўстане хрысціянскі трылер пра душы чысцовыя: новы фільм Міхала Кондрата «Душы»

[1]Марыя Сімма, Фулла Хорак, Ванда Банішэўская, Тэрэза Нойман, Св. Фаўстына Кавальская і св. Падрэ Піа — містыкі, якія атрымалі ласку адведзінаў душамі чысцовымі, а некаторыя з іх маглі нават на хвіліну ўбачыць неба, пекла і чысцец. Зыходзячы з іх вопыту, ствараецца фільм «Душы», рэжысёра Міхала Кондрата.

«Душы» рэжысёра Міхала Кондрата — гэта новая жанравая катэгорыя — хрысціянскі трылер, які будзе адлюстроўваць сапраўдныя гісторыі душаў, якія пакутуюць у чысцы. Дынамічнае сюжэтнае дзеянне, заснаванае на сведчаннях містыкаў павінна дапаўняцца выказваннямі самых выдатных міжнародных тэолагаў і навукоўцаў, якія вывучалі стан чалавечай свядомасці падчас смерці.

У наш час, калі ў спешцы штодзённых заняткаў, так лёгка забыцца пра ўласную душу, пра душы сваіх блізкіх і памерлых людзей, мы хочам зрабіць фільм, які дапаможа нам усім зразумець важнасць малітвы за памерлых і чым мы павінны кіравацца ў сваім зямным жыцці, — падкрэслівае Міхал Кондрат рэжысёр і прадзюсар фільма.

З пачаткам здымак фільма прадзюсары пачалі збіраць сродкі на іх рэалізацыю. Ацанілі кошт гэтага фільма ў 2 мільёны злотых. Такі бюджэт дазволіць здымаць фільм на вельмі высокім узроўні з удзелам выдатных міжнародных акцёраў. Асобныя сцэны для фільма зроблены ў Польшчы, Францыі, Італіі і ЗША.

На сённяшні дзень фільм фінансуецца за кошт кінапракату фільма “Любоў і міласэрнасць” (Польскі фільм пра жыццё і дзейнасць Св. Фаўстыны Кавальскай), які з’яўляецца папярэднім прадуктам  Кінафонду імя Святога Максіміліяна Кольбэ. Фільм “Любоў і міласэрнасць” меў вялікі поспех не толькі ў Польшчы, але і ў ЗША.

Мы чакаем далейшых даходаў ад продажаў DVD і замежнага распаўсюджвання фільма “Любоў і міласэрнасць”, але сума, на якую спадзяемся, не пакрые кошт усяго прадукта. Менавіта таму мы просім падтрымаць фільм «Душы». Кожная нават найменшая ахвяра наблізіць нас да стварэння гэтага вельмі патрэбнага фільма, — падкрэслівае Міхал Кондрат, рэжысёр абодвух фільмаў.

Пераклад Вікторыі Колзун, catholicnews.by

Паводле pl.aleteia [2]