“Па сакрэце”. Стала вядома, калі загучаць званы Чырвонага касцёла

Пробашч распавёў і яшчэ адну “таямніцу” — калі ідэю атрымаецца рэалізаваць, храм стане прыцягваць яшчэ больш турыстаў.

Пробашч Чырвонага касцёла на пл. Незалежнасці ў Мінску (каталіцкая парафія св. Сымона і св. Алены) падзяліўся з парафіянамі сакрэтам. Гэта адбылося ў першую нядзелю Адвэнту — перыяду радаснага чакання Нараджэння Хрыстова, падрыхтоўкі да Прыходу Збавіцеля. На святой Імшы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк распавёў пра свае ідэі адносна званоў у храме. Ён падкрэсліваў, што гаворыць таямніцу, аднак дазволім сабе падзяліцца ёю — бо трансляцыя службы вялася ў прамым эфіры, і аб’явы чулі многія госці парафіі.

Такім чынам, тры званы, якія нядаўна прывезлі ў Чырвоны касцёл, павінны ўпершыню прагучаць на Божае Нараджэнне, 25 снежня.

Вежа ўжо практычна гатовая да таго, каб усталяваць ўнутры электроніку, якая будзе кіраваць боем званоў. У бліжэйшы час святар адправіцца ў Польшчу, каб канчаткова расплаціцца за вырабленыя там званы, і запрасіць спецыялістаў для мантажу і наладкі сістэмы. Асвяціць званы пробашч папросіць Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

І яшчэ адну ідэю аб званах распавёў кс. Уладзіслаў. Калі яе атрымаецца рэалізаваць, то неўзабаве ў касцёле будуць біць не толькі тры вялікія, але і шмат маленькіх званоў, якія пробашч разлічвае дадаткова замовіць у Польшчы.

Па задумцы святара, апоўдні ў Чырвоным касцёле будзе гучаць прыгожы перазвон — мелодыя з дапамогай вялікіх і маленькіх званоў.

А дапаможа ў гэтым прафесійны званар з Праваслаўнай царквы. Кс. Уладзіслаў упэўнены, што перазвон апоўдні будзе прыцягваць яшчэ больш турыстаў да Чырвонага касцёла.

Katolik.life

для друку для друку