Па чарзе. Як праваслаўныя і католікі моляцца ў адной памежнай капліцы

Капліца

У вёсцы Ракі́ на беларуска-літоўскай мяжы праваслаўныя і католікі ад 1995 году моляцца ў адной капліцы. Кожныя займаюць сваю частку будынка, паведамляе Радыё Свабода. Тут два крыжы, два алтары, дзве спавядальні. У ксяндза і бацюшкі асобныя шафы са строямі. І моляцца тут па чарзе. Мы наведалі капліцу, калі тут праходзілі дзве службы запар.

Сёння вёска Ракі ўваходзіць у Варэнскі раён Алітускага павету Літвы. Але так было не заўсёды. Гістарычна Ракі ўваходзілі ў Лідскі павет. Да Ліды ад вёскі 50 км, а да цяперашняга павятовага цэнтру Алітуса — 85.

Ад Беларусі Ракі адрэзалі пасля 1940 году, калі СССР акупаваў краіны Балтыі. Спачатку перадалі Віленскі павет, а потым — курорт Друскенікі, выступ Дзівінішкі і яшчэ некалькі дзясяткаў вёсак уздоўж мяжы. У тым ліку і Ракі.

«Пасля вайны зрабілі тут мяжу і аднеслі нас да Літвы. А перад вайной — гміна Забалаць, повят Ліда. Беларусь была», — кажа Валяр’ян Утаўка з Ракоў. Але найбольш верагодна, што Ракі сталі часткай Літвы яшчэ ў 1940 годзе.

Пра былы адміністрацыйны падзел нагадвае парафіяльнае раздзяленне. Як і ў даваенныя часы, мясцовыя католікі адносіліся да парафіі ў беларускай вёсцы Забалаць, а праваслаўныя — да Першамайску (так гэтае паселішча завецца з 1961 году, раней — Сабакінцы. — РС). Там жа былі і могілкі, дзе хавалі ўсіх памерлых з Ракоў.

«Пакуль не зрабілі таможню, большасць там і абіваліся на Беларусі. Магазіны ды касцёлы, магілкі ў Забалаці», — кажа Гэлена Гой.

Тады жыхары Ракоў стварылі сабе аўтаномію. Прынамсі, рэлігійную. У 1995 годзе былую пачатковую школу перарабілі пад капліцу. Адну на дзве канфесіі. Левая частка з лаўкамі — каталіцкая, правая без лавак — праваслаўная.

Кожная супольнасць мае свой асобны алтар, свае абразы і спавядальні. Настаўніцкі пакой стаў закрыстыяй, дзе ў ксяндза і бацюшкі асобныя сталы і асобныя месцы для святарскіх строяў.

«Разам рабілі, і праваслаўныя, і палякі. Праваслаўныя рабілі сваё, а мы ўжо сваю старану рабілі», — кажа 78-гадовая Крысціна Утаўка. 28 красавіка яна прыйшла прыбіраць у капліцы перад прыездам ксяндза.

Пазней на ўскрайку вёскі сельсавет выдзеліў зямлю пад могілкі. Яны зусім малыя і таксама падзеленыя на дзве часткі. Злева — каталіцкія, справа — праваслаўныя.

«А як зрабілі таможню, зрабілі і магілкі, тут ужо хаваемся. І мы, і рускія. Можна труну перавезці і ў Беларусь, але тудою, праз Беняконі (85 км ад Ракоў. — РС). Трэба ад урача мець даведку, што не заразны быў», — кажа Гэлена Гой.

Вялікдзень — рэдкі час, калі ў ракоўскую капліцу ў адзін дзень прыходзяць і католікі, і праваслаўныя. Каталіцкія службы тут праводзіць ксёндз з райцэнтру Варэны кожную суботу. А вось бацюшка да праваслаўных прыязджае з Вільні рэдка. Звычайна перад Раством і Вялікаднем, а таксама адпяваць памерлых.

28 красавіка ў 16.00 прыбывае ксёндз Альмандас. У капліцы каля дзесяці чалавек. Парафіяне кажуць, што звычайна прыходзіць болей. Імша, камунія, збор ахвяраванняў, і ўжо праз гадзіну каталікі сыходзяць, не замыкаючы капліцы.

Да 17-й гадзіны пачынаюць падцягвацца праваслаўныя. Яны прыйшлі асвяціць ежу перад Вялікаднем. Служба ў іх даўжэйшая. Хто сыходзіць апошнім, заносіць ключы каталічцы Валянціне, бо тая жыве бліжэй за ўсіх да капліцы.

«Бацюшка і ксёндз дамаўляюцца паміж сабой, хто ў які час прыедзе, каб адзін другому не мяшаў маліцца», — кажа Крысціна Утаўка.

Да праваслаўных у Ракі прыяжджае ўжо трэці па ліку святар. Першы быў з беларускага Першамайску. Потым ездзіў айцец Уладзімер з Друскенік. Цяпер — ягоны сын, айцец Дзіянісій з Вільні.

Пасля службы айцец Дзіянісій распавядае, што царква не супраць таго, каб маліцца ў адным будынку. Але гэта нельга разглядаць як экуменізм у асобна ўзятай вёсцы. Католікі і праваслаўныя, па яго словах, проста вымушаныя маліцца пад адным дахам.

«Мы строга прытрымліваемся сваіх традыцый, і таму мы зрабілі сабе асобны алтар», — сказаў айцец Дзіянісій.

Па яго словах, падобным чынам моляцца каталікі і праваслаўныя ў Алітусе — цэнтры павета. У 70-тысячным горадзе няма царквы, і мясцовым праваслаўным выдзелілі месца для свайго алтара і прастола ў адным з гарадскіх касцёлаў.

«Ой, тут харашо было раней, пакуль гэтую мяжу не паставілі, пакуль не разлучыліся, — кажа Ніна Голуб. — Аўтобусы хадзілі са Шчучына ў Варэну, з Гродна ў Каўнас. Хацелі б, каб не было мяжы, але гэта не наша права».

Большасць пунктаў спрошчанага пропуску на беларуска-літоўскай мяжы адчыняюцца толькі на вялікія рэлігійныя святы. А Ракам яшчэ пашчасціла, што перасекчы мяжу тут можна штотыдзень: у пятніцу, суботу і нядзелю. Праўда, трапіць у Беларусь можна, толькі маючы візу.

Поўную версію рэпартажу можна прачытаць на svaboda.org

для друку для друку