Новы Апостальскі Нунцый прыбыў у Беларусь

2016-08-18-006-nuncyj18 жніўня ў Беларусь прыбыў новы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Самалёт з іерархам на борце прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» удзень.  

Прывітаць Апостальскага Нунцыя ў залу чакання прыбылі ўсе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на чале з яе Старшынёй Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Спачатку я павінен увайсці ў курс справаў па многіх рэчах — становішча вернікаў у Касцёле, дыялог з Праваслаўнай Царквой і інш., — падкрэсліў прадстаўнік Папы. — У першыя чатыры-шэсць месяцаў маім заданнем стане знаёмства з Касцёлам у Беларусі і людзьмі тут — палітыкамі, біскупамі, вернікамі, святарамі, манахінямі…

«Я вельмі рады ступіць нарэшце на беларускую зямлю. Было вельмі цікава назіраць з самалёта, якая ж прыгожая краіна Беларусь! У многім яна нагадала мне пра Венгрыю — так шмат палёў таксама і ў маёй краіне, — сказаў прадстаўнік Папы. — На гэты момант я на 100 працэнтаў гатовы да працы на карысць Касцёла ў Беларусі, для вашай краіны і для людзей у ёй. Але гэта не толькі заданне — гэта яшчэ і радасць для мяне». 

Прыгадваючы апошнюю сустрэчу з Папам Францішкам, Апостальскі Нунцый адзначыў, што размаўляў са Святым Айцом нядаўна:

«Я бачыўся з Папам Францішкам 13 дзён таму, і практычна першым, аб чым зайшла гаворка, быў апошні візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Рым і яго сустрэча з Пантыфікам, а таксама запрашэнне ў Беларусь. Папа Рымскі сказаў, што мы знойдзем час і магчымасць для гэтага візіту. Я не магу сказаць, калі або як, але думаю, што сказанае Пантыфікам — штосьці пазітыўнае для Беларусі».

Арцыбіскуп Габар Пінтэр быў прызначаны новым дыпламатычным прадстаўніком Святога Айца ў Беларусі 13 мая 2016 г. Да гэтага ён працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

catholic.by

для друку для друку