- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

“Новую беларускую Біблію” перакладаюць праз “Skype”

perevod biblii [1]Як вядома, Францішак Скарына заняўся перакладам Бібліі на беларускую мову яшчэ ў XVI стагоддзі, але дагэтуль, як гэта ні парадаксальна, Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Святога Пісання на нацыянальную мову. Аднак група навукоўцаў-энтузіястаў на грамадскіх пачатках вядзе такую працу, распавяла Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё [2] вядомы біблеіст, доктар сакральнага багаслоўя, гебраіст, ініцыятар праекту па перакладу новай беларускай Бібліі Ірына Дубянецкая.

Яна нагадала, што праца пачалася яшчэ ў 2012 годзе, тады была і складзена канцэпцыя акадэмічнага навуковага перакладу Бібліі. У праекта цяпер дзве рабочыя назвы, адна – “Новая беларуская Біблія”. А другая – “Скарына-21”, як працяг скарынаўскай працы для XXI стагоддзя. Задача навуковага перакладу множная: мусіць быць абавязкова пераклад не толькі з арыгінальных моваў, але яшчэ і з найлепшых біблістычных навуковых пракаментаваных крыніц.

“Таксама гэта мусіць быць пераклад на вельмі добрую беларускую мову з улікам літаратурных асаблівасцяў тэксту – гэта звычайна прапускаецца, напрыклад, у псальмах мы не чуем паэзіі, а яна там ёсць і яна фармуе, часам, сэнсы. Біблія складзена з тэкстаў самых розных жанраў, яны напісаны ў вельмі рознай стылістыцы – гэта павінна быць адлюстравана ў беларускай мове. І вельмі важна, каб гэта быў калегіяльны пераклад, мы сапраўды пабачылі, што шмат галоваў лепш. Дзесяць чалавек спакойна ў пралогу да Евангелля Яна перакладаюць “Я не варты развязаць апоры Ягоных сандаляў”, пакуль адзін не кажа, што ў тэксце адна сандаля, а гэта розніца”.

Цяпер у праекце працуе каля дзесяці чалавек – гэта гебраісты, філолагі-класікі, багасловы, біблісты – людзі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці і перш наперш вельмі кваліфікаваныя спецыялісты. І ўсе перакладчыкі – беларусы з розных краінаў свету: з Чэхіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Аўстрыі ды розных гарадоў Беларусі. Перакладчыкі працуюць праз “Skype”, і паколькі стараюцца працаваць якасна, працэс ідзе надзвычай марудна – за дзень онлайн-паседжання можа з’явіцца ўсяго пару вершаў падрыхтаванага тэксту. Паралельна ідзе праца над Старым і Новым Запаветамі, цяпер перакладаюцца Кніга Быцця і Евангелле паводле св. Яна. Над перакладам Евангелля пакуль працуе адзін чалавек, над Кнігай Быцця – чатыры.

“Мроя — у 2017 годзе, на 500-годдзе беларускай Бібліі выйсці ўжо з нейкім плёнам, але пакуль уявіць сабе гэта цяжка – з чым мы можам выйсці, калі настолькі марудна працуем. Тым больш гэты праект – цалкам дабрачынная праца, як яе выдаваць, мы таксама пакуль не ведаем. Але калі будзем выдаваць не цалкам, а кавалкамі, то выдаваць вельмі прыгожа, каб гэта была яшчэ кніжная з’ява, каб гэта была кніга, якую б хацелася б узяць у рукі. Бо яшчэ такая важная задача – праз добры пераклад прыцягнуць да Бібліі людзей, праз пераклад Бібліі даць штуршок далейшаму развіццю нацыянальнай культуры – тое, што адбылося практычна з усімі перакладамі Бібліі на нацыянальныя мовы».

Перакладчыца падкрэсліла, што гэты аспект вельмі важны. Што раннія пераклады, што пераклады эпохі Рэфармацыі – дзеля іх альбо ствараліся літаратурныя мовы наогул, альбо фармаваліся гэтыя літаратурныя мовы і рабіліся ключавымі, як з Бібліяй Лютэра – для нацыянальнай ідэнтычнасці краіны.

“У Беларусі гэты працэс не адбыўся, і мы не можам сказаць, што калі б мы пераклалі, было б што-небудзь іншае, але мы бачым тое, што бачым, і не пераклаўшы асноўны тэкст заходняй цывілізацыі, не можам уважаць сябе часткай гэтай заходняй цывілізацыі. Мы заўсёды будзем на маргінале, на ўзбочыне, пакуль мы не засвоім гэты самы асноўны тэкст – не засвоім яго так, каб яго глыбока засвоіла культура, каб ён увайшоў у тканку, у капіляры гэтай культуры — тое, што адбылося фактычна ва ўсіх краінах, якія былі пабудаваныя на падставе хрысціянства”, — лічыць Ірына Дубянецкая.

Хочацца верыць, што вынік працы “Скарыны-21” стане такім жа эпахальным, як і ў славутага першадрукара – пры малітоўнай падтрымцы вернікаў.

Павел Міцкевіч.