“Новую беларускую Біблію” перакладаюць праз “Skype”

perevod bibliiЯк вядома, Францішак Скарына заняўся перакладам Бібліі на беларускую мову яшчэ ў XVI стагоддзі, але дагэтуль, як гэта ні парадаксальна, Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Святога Пісання на нацыянальную мову. Аднак група навукоўцаў-энтузіястаў на грамадскіх пачатках вядзе такую працу, распавяла Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё вядомы біблеіст, доктар сакральнага багаслоўя, гебраіст, ініцыятар праекту па перакладу новай беларускай Бібліі Ірына Дубянецкая.

Яна нагадала, што праца пачалася яшчэ ў 2012 годзе, тады была і складзена канцэпцыя акадэмічнага навуковага перакладу Бібліі. У праекта цяпер дзве рабочыя назвы, адна – “Новая беларуская Біблія”. А другая – “Скарына-21”, як працяг скарынаўскай працы для XXI стагоддзя. Задача навуковага перакладу множная: мусіць быць абавязкова пераклад не толькі з арыгінальных моваў, але яшчэ і з найлепшых біблістычных навуковых пракаментаваных крыніц.

“Таксама гэта мусіць быць пераклад на вельмі добрую беларускую мову з улікам літаратурных асаблівасцяў тэксту – гэта звычайна прапускаецца, напрыклад, у псальмах мы не чуем паэзіі, а яна там ёсць і яна фармуе, часам, сэнсы. Біблія складзена з тэкстаў самых розных жанраў, яны напісаны ў вельмі рознай стылістыцы – гэта павінна быць адлюстравана ў беларускай мове. І вельмі важна, каб гэта быў калегіяльны пераклад, мы сапраўды пабачылі, што шмат галоваў лепш. Дзесяць чалавек спакойна ў пралогу да Евангелля Яна перакладаюць “Я не варты развязаць апоры Ягоных сандаляў”, пакуль адзін не кажа, што ў тэксце адна сандаля, а гэта розніца”.

Цяпер у праекце працуе каля дзесяці чалавек – гэта гебраісты, філолагі-класікі, багасловы, біблісты – людзі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці і перш наперш вельмі кваліфікаваныя спецыялісты. І ўсе перакладчыкі – беларусы з розных краінаў свету: з Чэхіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Аўстрыі ды розных гарадоў Беларусі. Перакладчыкі працуюць праз “Skype”, і паколькі стараюцца працаваць якасна, працэс ідзе надзвычай марудна – за дзень онлайн-паседжання можа з’явіцца ўсяго пару вершаў падрыхтаванага тэксту. Паралельна ідзе праца над Старым і Новым Запаветамі, цяпер перакладаюцца Кніга Быцця і Евангелле паводле св. Яна. Над перакладам Евангелля пакуль працуе адзін чалавек, над Кнігай Быцця – чатыры.

“Мроя — у 2017 годзе, на 500-годдзе беларускай Бібліі выйсці ўжо з нейкім плёнам, але пакуль уявіць сабе гэта цяжка – з чым мы можам выйсці, калі настолькі марудна працуем. Тым больш гэты праект – цалкам дабрачынная праца, як яе выдаваць, мы таксама пакуль не ведаем. Але калі будзем выдаваць не цалкам, а кавалкамі, то выдаваць вельмі прыгожа, каб гэта была яшчэ кніжная з’ява, каб гэта была кніга, якую б хацелася б узяць у рукі. Бо яшчэ такая важная задача – праз добры пераклад прыцягнуць да Бібліі людзей, праз пераклад Бібліі даць штуршок далейшаму развіццю нацыянальнай культуры – тое, што адбылося практычна з усімі перакладамі Бібліі на нацыянальныя мовы».

Перакладчыца падкрэсліла, што гэты аспект вельмі важны. Што раннія пераклады, што пераклады эпохі Рэфармацыі – дзеля іх альбо ствараліся літаратурныя мовы наогул, альбо фармаваліся гэтыя літаратурныя мовы і рабіліся ключавымі, як з Бібліяй Лютэра – для нацыянальнай ідэнтычнасці краіны.

“У Беларусі гэты працэс не адбыўся, і мы не можам сказаць, што калі б мы пераклалі, было б што-небудзь іншае, але мы бачым тое, што бачым, і не пераклаўшы асноўны тэкст заходняй цывілізацыі, не можам уважаць сябе часткай гэтай заходняй цывілізацыі. Мы заўсёды будзем на маргінале, на ўзбочыне, пакуль мы не засвоім гэты самы асноўны тэкст – не засвоім яго так, каб яго глыбока засвоіла культура, каб ён увайшоў у тканку, у капіляры гэтай культуры — тое, што адбылося фактычна ва ўсіх краінах, якія былі пабудаваныя на падставе хрысціянства”, — лічыць Ірына Дубянецкая.

Хочацца верыць, што вынік працы “Скарыны-21” стане такім жа эпахальным, як і ў славутага першадрукара – пры малітоўнай падтрымцы вернікаў.

Павел Міцкевіч.

для друку для друку