Новая салезіянская суполка для сем’яў «ADMA Сям’я» пачала сваю дзейнасць у Беларусі

Першая сустрэча новай для Беларусі салезіянскай суполкі для сем’яў «ADMA Сям’я» (асацыяцыя сем’яў-шанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў) адбылася 3 снежня ў Мінску. Сустрэча адбылася ў араторыі імя св. Яна Боска пры парафіі св. Яна Хрысціцеля.

Удзельнікі суполкі хочуць дасягнуць святасці па прыкладзе ксяндза Боска, звяртаючы асаблівую увагу на частую Эўхарыстыю і пашырэнне культу Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Гэтыя дзве калоны ратавання чалавецтва — Эўхарыстыя і Марыя — ксёндз Боска бачыў у прароцкім сне. У суполцы акцэнты ставяцца на малітву сем’яў адзін за аднаго, узаемадапамогу, дзяленне духоўным вопытам, таксама будзе праводзіцца пэўная духоўная фармацыя.

Арганізатары запрасілі сем’і, звяртаючы асаблівую ўвагу на маладых.

Станаўленне такой суполкі ў Беларусі з’яўляецца пэўнага кшталту адказам салезіянскай супольнасці Мінска на шматлікія новыя выклікі, якія паўстаюць перад сучаснай сям’ёй. Гэта прапанова для тых, хто жадае сур’ёзна перажываць сваё пакліканне як муж і жонка, як бацькі і дзеці, як браты і сёстры, знаходзячы ў штодзённасці час для малітвы, адносін, прабачэння і міласэрнасці. Мэта ўдзельнікаў суполкі — наследаваць сямейны стыль дабразычлівасці, характэрны для салезіянскай харызмы, стыль араторыя, вучачыся пад наглядам Езуса і Марыі перажываць кожны момант, нават самы нязначны, не губляючы надзеі і ўзаемнай любові, дапамагаючы адзін аднаму. У суполцы адны моляцца за другіх, а дапамога і салідарнасць з’яўляюцца канкрэтнымі жэстамі.

Каля пятнаццаці сем’яў, якія жадалі паспрабаваць гэты новы вопыт, прыйшлі разам са сваімі дзецьмі на святую Імшу. Пасля будучыя ўдзельнікі «ADMA Сям’я» былі запрошаны ў араторый на праграму для дзяцей і бацькоў, падрыхтаваную кс. Іванам Огарам SDB, сёстрамі салезіянкамі і аніматарамі. Дарослыя працавалі ў групах, распачаўшы ад гульні, арыентаванай на больш цеснае знаёмства. Далейшая праца ў групах працягвалася разважаннямі на тэму перажывання Адвэнту ў сям’і, паколькі першая сустрэча супала з яго пачаткам. Тэма канферэнцыі, абраная каардынатарамі суполкі, датычылася гісторыі ўзнікнення ADMA Famiglie, якая прайшла шлях ад маленькай мясцовай суполкі да вялікай міжнароднай супольнасці.

Даведка:

Вопыт такіх сустрэч нарадзіўся ў калысцы салезіянскай сям’і на Вальдокко (Італія). Пакуль што ў Беларусі гэта невялікая суполка. Бярэ яна свой пачатак з яшчэ адной галіны салезіянскай сям’і, якую калісьці заснаваў сам ксёндз Боска і сам напісаў для яе статут. «ADMA Сям’я» — ADMA Famiglie у перакладзе з італьянскай мовы — Асацыяцыя сем’яў-шанавальнкаў Марыі Успамогі Хрысціянаў. У 1869 годзе, праз год пасля пабудовы базілікі Марыі Успамогі Хрысціянаў ў Турыне (Італія) — галоўная святыня для салезіянаў — да ксяндза Боска звярнуліся людзі, якія дапамагалі яму будаваць базіліку.

Яны хацелі нейкім чынам належыць да салезіянскай харызмы. Людзі былі сведкамі шматлікіх цудаў, таму пажадалі быць адрасатамі такіх жа ласкаў, якія выпрошваў праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў ксёндз Боска. Святар згадзіўся і даручыў новай суполцы місію пашырэння культу Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Каардынатары суполкі “ADMA Сям’я” ў Мінску кс. Іван Огар SDB і с. Тэрэса Сольнічэк FMA запрашаюць да ўдзелу сем’і, асабліва маладыя. Дзяцей можна і трэба браць з сабой.

Наступная сустрэча — аплатковая — адбудзецца 17 снежня ў 12.00 па адрасе г. Мінск, вул. Пляханава 28/1.

Папярэдні расклад сустрэч на 2018 год:

14.01.2018 (11:00-15:00)
25.02.2018 (11:00-15:00)
18.03.2018 (11:00-15:00)
29.04.2018 (11:00-15:00)

За дадатковай інфармацыяй можна звяртацца  па тэлефоне +375 (29) 691-02-22 (кс. Іван Огар SDB)

sdb.by

для друку для друку