Новая марыйная скульптура ўстаноўлена ў Ватыканскіх садах

aparecida_brasil

Маці Божая з Апарэсіды

Бронзавая фігурка апякункі Бразіліі – Маці Божай з Апарэсіды была ўстаноўлена ў Ватыканскіх садах.

Цырымонія яе адкрыцця прайшла 3 верасня 2016 г. у прысутнасці Папы Францішка. У ёй прынялі ўдзел каля 250 пілігрымаў з Бразіліі, якія прыбылі ў суправаджэнні арцыбіскупа Апарэсіды кардынала Раймунду Дамасэна Асіса.

Святы Айцец выказаў радасць з прычыны з’яўлення фігуркі ў Ватыкане. Ён нагадаў, што падчас візіту ў Бразілію ў 2013 г. абяцаў неўзабаве вярнуцца, каб яшчэ раз ушанаваць апякунку гэтай краіны. “Не ведаю, ці будзе гэта магчыма, але прынамсі буду мець яе тут, побач”, — сказаў Папа.

Спасылаючыся да складанай палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Бразіліі Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца, каб «у гэты сумны момант» Маці Божая з Апарэсіды ахоўвала народ гэтай краіны, асабліва бараніла бедных, адрынутых, пакінутых пажылых людзей, беспрытульных дзяцей, асобаў, якія падвяргаюцца эксплуатацыі.

Нагадваючы, што ў 1717 г. фігурка Маці Божай з Апарэсіды была знойдзена простымі рыбакамі, Папа заклікаў маліцца, каб “сёння яна была знойдзена ўсімі, асабліва тымі, хто мае патрэбу ў працы, адукацыі і пазбаўлены годнасці”.

Марыйная фігурка была ўстаноўлена недалёка ад гроту Маці Божай Лурдскай у Ватыканскіх садах. Яе падтрымлівае стальная трохметровая скульптурная кампазіцыя, якая прадстаўляе трох рыбакоў у лодцы і мноства рыбаў.

У Ватыканскіх садах знаходзіцца некалькі скульптур, санктуарыяў і гротаў прысвечаных Панне Марыі. Сярод іх бронзавая копія абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая з’яўляецца апякункай ватыканскага геліапорта і абраза Маці Божай Добрай Рады з Джэнаццана, грота Маці Божай Лурдскай і Маці Божай Апекі, якая была пабудавана ў 1917 г. па ініцыятыве Бэнэдыкта XV.

У 2013 г. тут была ўстаноўлена копія скульптуры Маці Божай з Суяпы, апякункі Гандураса, а ў 2014 г. – Маці Божай Міласэрнасці з Эль-Кобрэ, апякункі Кубы.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку