Новапрызначаны Апостальскі Нунцый скіраваў прывітальнае слова да беларусаў

nuncyj_BelarusНовы Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь, мансеньёр Габар Пінтэр праз пасрэдніцтва Ватыканскага радыё скіраваў прывітальнае слова да біскупаў, святароў, членаў манаскіх супольнасцяў і ўсіх вернікаў Беларусі. Ватыканскі дыпламат лічыць, што яго венгерскае паходжанне і веданне “рэальнасці камуністычнага мінулага” дапаможа яму “лепш зразумець актуальную сітуацыю Касцёла і грамадства ў Беларусі”. Ватыканскае радыё прыводзіць тэкст прывітання поўнасцю:

Прывітальнае слова новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі

Я шчыра дзякую Ватыканскаму радыё за прадстаўленую мне магчымасць накіраваць мае самыя цёплыя словы прывітання з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі да ўсіх біскупаў, святароў, законнікаў, законніц, да ўсіх вернікаў, да братоў і сясцёр праваслаўных і ўсіх грамадзян добрай волі Беларусі.

Гэта вялікі гонар і задавальненне для мяне, мець магчымасць прадстаўляць Святога Айца ў вашай цудоўнай краіне, сярод гэтага высакароднага народа, у Касцёле, так драматычна пацярпелым, і ў той жа час настолькі жывым.

Той факт, што я паходжу з Венгрыі і таму ведаю рэальнасць камуністычнага мінулага, несумненна, дапаможа мне лепш зразумець актуальную сітуацыю Касцёла і грамадства ў Беларусі.

Я быў вельмі рады атрымаць інфармацыю пра выдатнае супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, што многія лічаць мадэллю экуменізму. Для мяне будзе прыярытэтам, развіццё і паглыбленне гэтага братняга і сапраўднага хрысціянскага суіснавання.

У пачатку ліпеня ў Будславе будзе адзначацца 25-я гадавіна ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што стала сімвалам адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. На жаль, я не змагу прысутнічаць сярод вас фізічна, але буду там духоўна і ў маіх малітвах.

Я прашу вас шмат маліцца за мяне ў бліжэйшыя месяцы, падчас якіх я буду рыхтавацца з вялікай радасцю і шырока адкрытым сэрцам, каб у бліжэйшы час сустрэць вас з жаданнем быць вашым братам, які падтрымлівае вас у веры, міласэрнасці і надзеі

Вена, 15 мая 2016 г., Нядзеля Спаслання Духа Святога

Мансеньёр доктар Габар Пінтэр.

для друку для друку