Новапрэзбітэр Алег Хмылко цэлебраваў сваю першую Эўхарыстыю ў роднай парафіі ў Лынтупах

Падзея адбылася на радзіме святара ў нядзелю, 8 кастрычніка, у касцёле Святога Андрэя Баболі.

На ўрачыстасць сабралася шмат вернікаў і святароў. У Лынтупы прыехалі святары з Беластока, з якімі ў свой час ксёндз Алег вучыўся ў Беластоцкай семінарыі, выкладчыкі і семінарысты з Пінска, дзе таксама пачынаў сваё навучанне малады святар, ксяндзы з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ксяндзы-выхадцы з Лынтупскай парафіі: Антон Лагунёнак, Ян Пугачоў і Уладзімір Шымковіч, дэкан з Глыбокага і біскупскі вікарый па справах клерыкаў Віцебскай дыяцэзіі кс. Мікалай Ціхановіч, іншыя святары і кансэкраваныя асобы.

Святая Імша распачалася ў 11 гадзін з урачыстага ўваходу святара ў храм. Працэсія з ксяндзом-прыміцыянтам, вакол якога дзяўчаты неслі вянок, урачыста прайшла ад плябаніі да касцёла.

Напачатку новага святара прывітаў пробашч парафіі ў Лынтупах ксёндз Аляксандр Баран. Ён адзначыў, што хутка адбудзецца ўрачысты момант, калі ўпершыню праз рукі ксяндза Алега хлеб і віно пераменіцца ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. Ён выказаў падзяку лынтупскай зямлі, якая нарадзіла і выхавала ўжо пятага святара.

Перад пачаткам святой Імшы ксёндз Алег урачыста апрануў на сябе святарскае адзенне. У гэты час з амбоны быў прачытаны каментар аб значэнні кожнага прадмета святарскага ўбрання.

Гамілію прамовіў ксёндз Мікалай, пробашч парафіі ў Глыбокім, дзе будучы ксёндз Алег праходзіў дыяканскую практыку.

Святар звярнуў увагу на крызіс пакліканняў у сучасным свеце, адзначыўшы, што Лынтупская парафія з’яўляецца ў гэтым сэнсе шчаслівым выключэннем, бо дала Касцёлу ў Беларусі ўжо пяць святароў. Але гэта накладае на вернікаў і асаблівую адказнасць, яны не павінны забываць заўсёды маліцца за сваіх святароў, бо толькі з малітоўнай падтрымкай вернікаў ксёндз можа годна выконваць свае абавязкі.

Усе мы пакліканыя для працы ў Божым вінаградніку, — адзначыў кс. Мікалай, — у кожнага з нас сваё пакліканне ў гэтым жыцці. Жыццё – гэта вандроўка, і вандраваць трэба ў святле Бога.

Закрануў прамоўца і асаблівасці святарскага жыцця. Ён перасцярог кс. Алега, каб не разлічваў на тое, што яго жыццё будзе лёгкім. Але, калі будзе жыць жыццём Езуса, то ўсе крызісы і цяжкасці будуць пераадоленыя. “Заўсёды май надзею на Хрыста, на Божую дапамогу, і Бог табе ніколі не адмовіць,” – звярнуўся ксёндз Мікалай да маладога святара.

“Бог надзяліў нас дарам святарства не толькі для нас саміх, але ў першую чаргу для людзей, каб мы неслі ім Добрую Вестку”, — прамовіў ксёндз Мікалай да ўсіх сабраных святароў. Звяртаючыся да вернікаў, ён яшчэ раз заклікаў іх маліцца за ксяндзоў, а не асуджаць іх: “Святар – гэта ўласнасць Бога, таму той, хто пасягае на святара, будзе несці адказнасць перад Богам”.

На заканчэнне гаміліі, звяртаючыся да ксяндза Алега, біскупскі вікарый па справах клерыкаў пажадаў новапрэзбітэру стаць святым святаром.

Напрыканцы Імшы ксяндза-прыміцыянта павіншавалі землякі, якія ж адразу стварылі новую маргарытку – супольнасць вернікаў, якія паабяцалі кожны дзень маліцца за ксяндза Алега. А як адзначыў пробашч парафіі кс. Аляксандр: “Малітва – гэта крылы для святара”.

Потым ксёндз Алег Хмылко ўдзяліў блаславенне бацькам, родным, святарам, семінарыстам, сёстрам законным і ўсім вернікам. Ад святара кожны атрымаў прыміцыйны абразік, на якім размешчаны словы з Святога Пісання: “Усё ў вас няхай робіцца ў любові”.

Далей урачыстасць працягнулася ў лынтупскай школе, дзе ў свой час вучыўся будучы святар. Там удзельнікаў урачыстасці чакаў абед і святочны канцэрт, які падрыхтавалі вучні разам з настаўнікамі.

А ўжо ў нядзелю, 15 кастрычніка, ксёндз Алег Хмылко цэлебруе першую Эўхарыстую ў Глыбоцкай парафіі, дзе, згодна з дэкрэтам біскупа Алега Буткевіча, будзе служыць вікарыем.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

 

для друку для друку