Новая Евангелізацыя ў кватэры. Манахіні ў Віцебску арганізавалі вяселы вечар для дзяцей са шматпавярховіка, у якім самі пражываюць

Папа Францішак, кажучы пра Новую Евангелізацыю, мяркуе, што духоўныя людзі павінны, у першую чаргу, выйсці да тых людзей, якія яшчэ не ведаюць Хрыста, і тых, хто адышоў ад Касцёла. І гэта значыць даслоўна – выйсці на вуліцу і сустракацца з людзьмі. Касцёл не можа закрывацца, бо стане “параноікам, аўтыстам”.

Прыслухоўваючыся да голасу Папы Францішка, 18 чэрвеня 2018 года а 19-ай гадзіне ў кватэры, дзе пражываюць сёстры Служабнічкі BDNP с. Мажэна Вельгус і с. Антонія Тарновска, адбылася цудоўная сустрэча для ўсіх дзяцей, якія жывуць у гэтым раёне.

За дзень да сустрэчы былі размешчаныя запрашэнні з інфармацыяй пра забавы, якія чакаюць дзяцей.

Сустрэча распачалася з мыльных пузыроў, якія дзеці стараліся схапіць і ім было вельмі весела ад гэтага. Пасля стварэння добрай атмасферы дзеці з тэатральнага гуртка, які існуе пры парафіі Св. Антонія, паказалі прадстаўленне. Дзеці сваёй цудоўнай акцёрскай ігрой пераказалі ўсім гледачам прыгожыя евангельскія гісторыі пра тое, што ёсць Бог, які любіць усіх людзей, што гэты Бог ахвяраваў кожнаму вялікі дар жыцця, што варта быць добрым і прабачаць. Дзеці паказалі таксама вобраз Св. Антонія – чалавека, які знаходзіцца блізка Бога ў небе і блізка кожнага, хто звяртаецца да яго па дапамогу ў пошуку любові, прабачэння і дарогі да Бога. Для дзяцей гучалі шматлікія апладысменты.

Наступным пунктам праграмы былі конкурсы, у якіх дзеці ахвотна ўдзельнічалі. Усім хапіла цукерак і шарыкаў. Сустрэчу арганізавала с. Мажэна Вельгус.

Парафіяльны пакой адпачынку збірае ўсіх дзяцей, не толькі з каталіцкіх сем’яў. Гэта месца, дзе дзеці бавяць вольны час, удзельнічаюць у розных гуртках па інтарэсах. Бацькі некаторых дзяцей неверуючыя, некаторыя праваслаўныя, некаторыя стараверы. Па гэтай прычыне многія з іх не прыходзяць у парафіяльны Касцёл на арганізаваныя там сустрэчы, такія як парафіяльныя святы, адпусты, падчас якіх іх дзеці паказваюць свае таленты.

Такая сустрэча ў кватэры стала выдатнай магчымасцю для бацькоў убачыць, якія таленавітыя іх дзеці. Гэта быў цудоўны спосаб узаемапазнання, узбагачэння і перадачы найважнейшай праўды, што Бог ёсць Любоў.

Дзякуй Богу за магчымасць удзельнічаць ў Новай Евангелізацыі.

С. Люцына Вонс BDNP

для друку для друку