Нігерыйскія студэнты з душпастырства «OPEN» падзякавалі Богу за час вучобы ў Гродне

Канец чэрвеня заўсёды азначае, што студэнты распачынаюць заслужаны час адпачынку. Пасля экзаменацыйнай сесіі і шматлікіх залікаў пачынаюцца канікулы.

Для шасці студэнтаў з Нігерыі, якія шэсць апошніх гадоў вучыліся ў Гродзенскім універсітэце, гэта ўжо заканчэнне вучобы і пачатак новага этапу ў іх жыцці. Яны атрымалі дыпломы ўрачоў у гэтай навучальнай установе.

На працягу шасці гадоў яны прымалі актыўны ўдзел у Душпастырстве студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”. Менавіта гэтая супольнасць дапамагла маладым людзям з Нігерыі стварыць сваю супольнасць св. Брыгіты і трымацца Касцёла ўдалечыні ад сваёй радзімы.

Яны прымалі ўдзел таксама ў дыяцэзіяльных сустрэчах моладзі і ў жыцці Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне.

27 чэрвеня гэтыя студэнты сабраліся ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі), каб падзякаваць за час вучобы ў горадзе над Нёманам і за сяброў, якіх тут сустрэлі.

Святую Імшу, падчас якой яны дзякавалі Пану Богу, узначаліў кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі. Святар пажадаў ім заставацца заўсёды з Богам і памятаць пра Беларусь.

Моладзь з душпастырства “OPEN” адзначае, што гэта адначасова і радасная, і сумная падзея. Радасна, што яны дасягнулі сваёй мэты, сумна, бо прыйшоў час расставацца.

Каталіцкая моладзь Гродна жадае маладым людзям з Нігерыі, каб Бог благаславіў іх на абраным імі жыццёвым шляху, каб яны былі добрымі хрысціянамі і ўрачамі, якія лечаць згодна з сумленнем, і абяцае, што яны заўсёды застануцца ў іх сэрцах.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку