Незвычайны летнік правяла лідская моладзь на беразе ракі

З 30 ліпеня па 4 жніўня на беразе ракі Гаўе адбыўся паход моладзі лідскага фарнага касцёла. Амаль тыдзень больш чым 30 юнакоў і дзяўчат жылі ў “дзікіх” умовах: начавалі ў намётах, харчаваліся ежай, гатаванай на вогнішчы, рабілі водныя працэдуры ў рацэ.

З самага пачатку кс. Дзяніс Бразінскі, адказны за паход, устанавіў пэўны распарадак дня, каб сапраўды плённа правесці гэты час разам.

Кожны дзень “будзільнік” гучаў а 8-й гадзіне. Усе прачыналіся і пачыналі рыхтавацца да галоўнага моманту дня – святой Імшы ў 9 гадзін. Гэта быў час сумеснай малітвы, спеваў, разважання над Божым словам, сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі.

Пасля сняданку надыходзіў час працы: загатоўка вады і дроў на цэлы дзень, гатаванне абеду. Пасля абеду звычайна наступаў “рэлакс”: хтосьці адсыпаўся, хтосьці прысвячаў гэты час для бліжняга. А 15-й гадзіне кожны, адзін ці з кімсьці, мог памаліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Далей па раскладу а пятай гадзіне ўсе збіраліся на Вялікую гульню (кожны дзень яна была іншая).

Павячэраўшы, моладзь малілася на ружанцы, узносячы да Панны Марыі свае інтэнцыі. Калі ўжо заходзіла сонца, усе збіраліся на вясёлы вечар – танцы, гульні і г.д. Пазней, седзячы каля вогнішча, разам спявалі песні пад гітару, распавядалі цікавыя гісторыі, дзяліліся ўражаннямі, атрыманымі за дзень.

Гэты адпачынак на прыродзе быў вельмі добрай магчымасцю для кожнага маладога чалавека ўмацаваць свае адносіны з Богам і бліжнім. Кожны з іх не толькі паспрабаваў пражыць цэлы тыдзень без тэлефонаў, але і быць разам са сваімі братам і сястрой, дапамагаць адзін аднаму – жыць у святасці.

grodnensis.by

для друку для друку